Справу перагледзяць

Суддзя абласнога суда Эдуард Друц адмяніў рашэнне Астравецкага раённага суда адносна актывіста АГП Івана Крука і накіраваў справу на перагляд.

Згодна з рашэннем Астравецкага раённага суда, актывісту Івану Круку быў прызначаны штраф 1 мільён 50 тысяч рублёў нібыта за паклёп на намесніка старшыні райвыканкаму Міхаіла Зімніцкага.

Суддзя абласнога суда Эдуард Друц адмяніў рашэнне Астравецкага раённага суда адносна актывіста АГП Івана Крука і накіраваў справу на перагляд.
Згодна з рашэннем Астравецкага раённага суда, актывісту Івану Круку быў прызначаны штраф 1 мільён 50 тысяч рублёў нібыта за паклёп на намесніка старшыні райвыканкаму Міхаіла Зімніцкага.
Падчас выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы Іван Крук напісаў скаргі ў пракуратуру і абласную выбарчую камісію, у якіх сведчыў, што намеснік старшыні райвыканкаму Зімніцкі, які быў намеснікам старшыні раённай выбарчай камісіі, сфабрыкаваў падпісныя лісты з тым, каб не зарэгістраваць Крука кандыдатам у дэпутаты.
У прыватнасці Крук даводзіў, што Міхаіл Зімніцкі наведаўся дадому да аднаго з выбарцаў, якога прымусіў пад пагрозай праблемаў на працы падпісаць дакумент, у якім гаварылася, што той не ставіў свайго подпісу за вылучэнне Крука кандыдатам у дэпутаты.
Раённы суд, разглядаючы справу, нават не палічыў патрэбным выслухаць на сваім пасяджэнні галоўнага сведку, які б мог сам даць паказанні наконт таго, ці ставіў ён свой подпіс за Крука. Не была праведзеная і экспертыза подпісу, які палічылі фальшывым.
Іван Крук у абласным судзе цытаваў скаргу выбарца Мацкевіча ў Генеральную пракуратуру, а таксама ў абласны суд, у якой той сведчыць, што подпіс за Крука ставіў, а Зімніцкі пад пагрозай праблемаў на працы насамрэч прымусіў яго падпісаць паперу, дзе казалася пра тое, што ён не падпісваўся за Івана Крука.
Крук цытаваў і ліст сведкі, якая пацвярджае, што бачыла, як Мацкевіч ставіў свой подпіс за вылучэнне Крука кандыдатам у дэпутаты.
Яшчэ ў абласным судзе цытаваўся ліст 30 грамадзян Астравецкага раёна з просьбай разглядзець справу Крука аб’ектыўна, паколькі людзі ведаюць яго ў раёне як прыстойнага чалавека, за якога ставілі свае подпісы падчас вылучэння яго кандыдатам у раённы савет.
Аднак тады суддзя Астравецкага раёна не палічыўся з гэтымі аргументамі. А што будзе зараз?