Смерць Зельцэра і супрацоўніка КДБ у Мінску: новыя дэталі
Андрэй Зельцэр перад уварваннем сілавікоў у цывільным званіў на 102, паведамляе «Свабода».
Пра гэта заявіў прадстаўнік ініцыятывы экс-сілавікоў ByPol Алег Талерчык.
«Мы ведаем дакладна, што Андрэй Зельцэр звярнуўся ў службу 102 і запатрабаваў дапамогі органаў унутраных спраў, паведаміўшы, што невядомыя ломяцца ў ягоную кватэру. Па ягоным выкліку выехала група затрымання Дэпартаменту аховы», — сказаў Талерчык.
На тэлеканале СТВ Рыгор Азаронак заявіў, што было два званкі з кватэры Зельцэра на нумар 102. Першы раз званіў Андрэй, другі — ягоная жонка.
«Яны самі выклікалі міліцыю на сябе», — інтэрпрэтаваў гэтыя факты Рыгор Азаронак.
28 верасня супрацоўнікі КДБ узламалі дзверы і ўварваліся ў кватэру, дзе знаходзіўся Андрэй Зельцэр і ягоная жонка Марыя Успенская. Зельцэр нібыта двойчы стрэліў і смяротна параніў аднаго з групы КДБ. У адказ яго застрэлілі. Жонку арыштавалі.
Крыніцы ў Epam ананімна пацвердзілі, што Андрэй Зельцэр, які загінуў у выніку перастрэлкі з сілавікамі, працаваў у кампаніі. У сетцы Linkedin ёсць профіль супрацоўніка Epam Андрэя Зельцэра. Паводле яго, Андрэй працаваў у кампаніі з 2016 года.