Сёння ў каталікоў Вялікая пятніца — драматычны дзень суду, мукі і смерці Хрыста
У Вялікую пятніцу Касцёл успамінае муку і смерцьі Ісуса Хрыста, таму хрысціяне павінны яднацца ў адзначэнні гэтага дня, які з’яўляецца найважнейшым у справе іх адкуплення, адзна.
Хрысціянам варта ў гэты дзень асаблівым чынам разважаць пра муку і смерць Ісуса Хрыста, абуджаць у сабе найбольшую любоў да Яго і адчуваць вялікі боль за тое, што нашы грахі прынеслі Збаўцy столькі пакутаў.
З’яднацца з церпячым Ісусам Хрыстом
Вернікі павінны імкнуцца ў душы падзяляць цярпенне Хрыста, яднаючы з Ім цялеснае вырачэнне, павялічваючы ў гэты дзень строгасць посту і молячыся за ўсіх людзей.
Вялікая пятніца заўсёды была днём асаблівага пакаяння і посту.
У адпаведнасці са старажытнай традыцыяй, у гэты дзень Касцёл не здзяйсняе Еўхарыстычнай ахвяры (святой Імшы). Гэтая традыцыя захавалася да нашых дзён. Алтар застаецца цалкам не пакрыты, без абрусоў, крыжа і падсвечнікаў.
У гэты дзень цэлебруецца спецыяльнае набажэнства Вялікай пятніцы — літургія Мукі Пана. Цэнтральнай часткай літургіі Мукі Пана з’яўляецца адарацыя святога Крыжа, на якім здзейснілася збаўленне свету. Крыж не з’яўляецца выключна знакам цярпення і прыніжэння, але найперш знакам надзеі на канчатковую перамогу Ісуса.
Адарацыі Крыжа ў гэты дзень папярэднічае літургія слова, у якой, слухаючы апісанне Мукі Пана паводле святога Яна, вернікі ўдзельнічаюць у падзеях Галгофы. На заканчэнне літургіі слова гучыць просьба да Бога ў паўсюднай малітве аб збаўленні ўсяго свету.
Хоць у гэты дзень не цэлебруецца Еўхарыстыя, вернікі могуць прыняць святую Камунію, сапраўднае Цела Пана, якое было аддадзена за грахі свету.
Апошнім літургічным актам гэтага дня з’яўляецца перанясенне Найсвяцейшага Сакрамэнту ў прыгожа аздобленую сімвалічную грабніцу, дзе ён будзе адараваны да пачатку Пасхальнай вігіліі.
Літургія ў гэты дзень пачынаецца ў поўнай цішыні, не гучаць спевы. На пачатку літургіі Мукі Пана святары кладуцца перад алтаром тварам уніз, а вернікі моляцца на каленях, усведамляючы такім чынам
сваю грэшнасць перад Богам.
«Хто ў пятніцу скача, той на Вялікдзень плача»
Назва гэтага літургічнага дня гучыць так: пятніца Мукі і Смерці Пана, і з незапамятных часоў яе называюць Вялікай пятніцай. Вялікая пятніца — дзень посту і жалобы як у касцёлах, так і ў
дамах хрысціян.
Калісьці ў некаторых дамах на знак вялікай жалобы нават спынялі гадзіннікі, завешвалі люстэркі, а дзецям было забаронена гуляць і шумець. Такім чынам, дзень праходзіў у спакоі і засяроджанасці.
У гэты дзень гаспадыні стараліся пасеяць крыху гароху, верачы, што тады ўраджай будзе лепшы. Лічылася таксама, што пасеянае ў гэты дзень збожжа не баіцца ні дажджу, ні ветру, а кожны добры
рамеснік стараўся ў гэты дзень назапасіць крыху драўніны для працы. Рамеснікі верылі, што ў Вялікую пятніцу дрэва мае асаблівую Божую моц, таму што ў гэты дзень яно набрыняла крывёю і потам
Збаўцы.
А вось што гавораць пра гэты дзень народныя прыкметы: «Калі ў Вялікую пятніцу дождж, увесь год будзе сухім», «У пятніцу рабі хатнюю працу, а ў суботу кідай
работу», «Хто ў пятніцу скача, той на Вялікдзень плача» і інш.
Падрыхтаваў кс. Юрый Марціновіч
Фота Віталія Палінеўскага