Саюз беларускіх пісьменнікаў заклікаў Польшчу перагледзець пытанне «Белсату»

Рада і Сакратарыят грамадскага аб’яднання  «Саюз беларускіх пісьменнікаў» далучыліся да кампаніі падтрымкі тэлеканалу «Белсат» і прынялі заяву ў падтрымку існавання адзінага незалежнага беларускамоўнага каналу.

belsat712.jpg

«Усведамляючы важнасць атрымання грамадзянамі Беларусі аб’ектыўнай і нецэнзураванай інфармацыі па-беларуску, ГА «СБП» заклікае польскі бок перагледзець планы адносна ліквідацыі «Белсату», — гаворыцца ў заяве.
«Белсат» цягам 9 год свайго існавання шырока асвятляў культурніцкую сітуацыю, выступаў трыбунай для дзеячоў культуры, незалежных літаратараў, мастакоў, музыкаў, якія не маюць у Беларусі доступу да афіцыйнага тэлебачання і СМІ наогул», — падкрэсліваюць у Саюзе пісьменнікаў.
СБП таксама адзначае,  што незалежныя крыніцы інфармацыі ёсць неад’емнай часткай існавання дэмакратычнай еўрапейскай супольнасці, іх аслабленне і ліквідацыя пакідаюць беларусаў безабароннымі, «што ва ўмовах татальнай русіфікацыі і ваяўнічага наступу «рускага свету» без перабольшання можа мець самыя драматычныя наступствы».
«Мы спадзяемся, што польская дзяржава, якая сама напрацягу дзесяцігоддзяў цярпела ўціск дыктатуры, знойдзе магчымасць захаваць тэлеканал «Белсат» і застанецца вернай прынцыпам свабоды слова і дэмакратыі», — гаворыцца ў заяве СБП.