Сацыяльная служба дэмсіл «Адно акно» працягвае марафон дапамогі беларускам
Марафон мае назву «Мы на тваім баку», адзначаецца ў прэс-рэлізе, які атрымаў «НЧ».
Сацыяльная служба «Адно акно» працягвае марафон, які, як падкрэсліваецца, «закранае самыя актуальныя пытанні правоў і бяспекі жанчын».
«Мы на тваім баку» — гэта карысная інфармацыя і рэальная дапамога для кожнай беларускі.
«Ужо выйшла серыя публікацый, дзе распавядаецца пра тое, куды звяртацца, калі вы сутыкнуліся з хатнім гвалтам, куды звяртацца па дапамогу ў атрыманні адукацыі за мяжой або падтрымкай пры павышэнні кваліфікацыі ўнутры краіны», — гавораць аўтаркі ініцыятывы.
Да 15 сакавіка ўключна марафон працягне раскрываць важныя тэмы: як абараніць свае правы на працы, што дапаможа дамагчыся выплаты зарплаты, вырашыць пытанні клопату пра здароўе і пашырыць выкарыстанне роднай мовы ў сваім горадзе.
«Калі вы сутыкнуліся з гэтымі або іншымі цяжкасцямі, не маўчыце. Пішыце ці тэлефануйце на гарачую лінію «Адно акно» — нашы аператаркі гатовыя падказаць вам, куды звярнуцца і як лепш паступіць у вашай сітуацыі», — паведамляе сацслужба.
Яна заклікае ўсіх жадаючых падпісвацца на сацыяльныя сеткі праекта, каб «быць у курсе ўсіх навін і атрымліваць актуальную інфармацыю». У тэлеграм-канал ініцыятывы можна трапіць па гэтай спасылцы, у «Інстаграм» — па гэтай.
Таксама працуе сайт службы.
Служба «Адно акно» — праект, ініцыяваны прадстаўніцтвам па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, якое ўзначальвае Вольга Гарбунова. Праект быў распрацаваны ў адказ на шматлікія запыты аб дапамозе.
Прадстаўніцтва працуе на адну з важных задач — каардынацыю і павышэнне эфектыўнасці ўсіх відаў дапамогі ўразлівым сацыяльным групам, з фокусам на падтрымку беларускіх палітычных зняволеных і іх блізкіх, а таксама шырокага кола пацярпелых ад палітычных рэпрэсій у Беларусі.
У перспектыве, як мяркуецца, «Адно акно» стане адзіным
інфармацыйна-кансультацыйным цэнтрам для беларусак і беларусаў, дзе будзе
сабрана ўся інфармацыя аб магчымай сацыяльнай дапамозе.