Рэжым адчапіўся ад журналіста Алеся Дашчынскага. Крымінальны пераслед спынены

15 снежня ў дачыненні журналіста Алеся Дашчынскага спынены крымінальны пераслед. У Мінскім гарадскім упраўленні Следчага камітэта яму вярнулі рэчы, адабраныя падчас ператрусу і затрымання летам 2021 года, паведамляе БАЖ.

dashchynski2.jpg

Згодна з тэкстам пастановы аб затрыманні, Алеся Дашчынскага  падазравалі паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

Нагадаем, што 16 ліпеня 2021 года сілавікі штурмавалі мінскі офіс «Р*дыё Свабода»: выламалі дзверы, вырвалі камеры відэаназірання, канфіскавалі тэхніку, а што не змаглі вынесці, проста пашкодзілі.

Паралельна праваахоўнікі прыйшлі да некаторых карэспандэнтаў-фрылансераў, якія супрацоўнічалі з медыя, — Алеся Дашчынскага, Алега Груздзіловіча, Інэсы Студзінскай. Усіх іх пасля ператрусаў затрымалі і адвезлі ў мінскі ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна.

Да таго названыя журналісты былі пазбаўленыя акрэдытацыі Міністэрства замежных спраў Беларусі ў жніўні 2020 года разам з іншымі карэспандэнтамі большасці замежных СМІ. Праваабарончая супольнасць прызнала затрыманых палітычнымі вязнямі. 

Алесь Дашчынскі знаходзіўся за кратамі да 23 ліпеня 2021-га, ягоныя калегі прабылі там на тры дні больш. У выніку да рэальнага тэрміну асудзілі толькі Алега Груздзіловіча — сёлета ў сакавіку суд Савецкага раёна Мінска пакараў яго 1,5 года па тым жа артыкуле 342. За кратамі ён прабыў амаль 9 месяцаў, пасля чаго нечакана апынуўся на волі і быў практычна выдвараны ў Літву.

Пасля вызвалення з турмы на Акрэсціна Алесь Дашчынскі знаходзіўся ў статусе падазраванага і пад падпіскай аб нявыездзе з Беларусі. Цяпер гэтыя абмежаванні знятыя.

Алесь Дашчынскі родам з Пастаўшчыны. Дарэчы, у бацькоўскім доме яго і затрымалі, і ўжо адтуль перавезлі ў мінскую кватэру, дзе адбыўся вобшук.

Раней журналіст працаваў у нямецкай службе Беларускага дзяржаўнага радыё, валодае нямецкай мовай. З’яўляецца экспертам па Германіі, палітычных кантактах і сувязях з Беларуссю.

Пасля гэтага супрацоўнічаў з «Р*дыё Рацыя», а з 2004 года меў афіцыйную акрэдытацыю МЗС як карэспандэнт «Р*дыё Свабода».

Пасля пачатку крымінальнай справы Алесь Дашчынскі журналістыкай не займаўся.