Правы чалавека ў выгнанні: беларусы правялі акцыю ў Батумі (шмат фота)
Беларусы Батумі правялі акцыю, каб нагадаць пра катастрафічную сітуацыю з правамі чалавека ў роднай краіне.
У грузінскім Батумі 11 снежня каля трох дзясяткаў чалавек сабраліся на
акцыю салідарнасці з тымі, хто зведаў рэпрэсіі ад рэжыму Лукашэнкі. Усе гэтыя
людзі так ці іначай вымушаныя былі пакінуць краіну праз палітычны пераслед, і
пра парушэнне правоў чалавека яны ведаюць на ўласным досведзе.
Жонка палітзняволенага праваабаронцы Валянціна Стэфановіча
Аліна Стэфановіч прыйшла на акцыю таму, што лічыць гэта сваім абавязкам.
— Не ведаю, ці дапамагу я такім чынам свайму мужу, які
знаходзіцца ў турме, але для мяне гэта важна, важна, каб гучала яго імя і імёны
ўсіх палітвязняў. Гэта таксама гуртуе мясцовую грамаду, — гаворыць яна.
Аляксей з Жодзіна. Ён з'ехаў з Беларусі сёлета ўлетку пасля
таго, як да яго ў дом уварваліся 25 узброеных амапаўцаў і правялі ператрус, а
потым яго з сябрамі адвезлі ў ГУУС на допыт, які доўжыўся некалькі гадзін.
— Да мяне прыйшлі праз каментары, — гаворыць хлопец.
Пасля яго і яго паплечнікаў адпусцілі, але праз некаторы час
патэлефанавалі і сказалі, што з ім «яшчэ не скончылі». Тады малады
чалавек вырашыў, што трэба з'язджаць, бо быў падпісаны на каналы, прызнаныя
экстрэмісцкімі, і адпраўляў туды інфармацыю.
Цяпер Аляксей асцерагаецца вяртацца ў Беларусь, але верыць,
што некалі ўсё ж зможа вярнуцца дадому.
— Хочацца, каб у нас усё хутчэй змянілася.
Гэтай надзеяй жывуць усе, хто міжволі вымушаны знаходзіцца
далёка ад радзімы, а некаторыя і ад
блізкіх.