Анатоль Шалковіч, аматар «памідораў са смятанай», не выйшаў на свабоду пасля 30 сутак

Анатоль Шалковіч, герой знакамітага роліка МУС пра «памідоры са смятанай», не выйшаў на свабоду пасля 30 сутак арышту.

pamidory_sa_smjatanaj.jpg

65-гадовы інжынер Анатоль Шалковіч не выйшаў на волю пасля 30 сутак арышту. Пра гэта даведалася «Медыязона» ад ягонага сябра Аляксандра Знака.

Анатоля Шалковіча затрымалі 11 лістапада, а пазней пакаралі 15-сутачным арыштам. Паводле версіі МУС, ён арганізаваў у падвале дома вытворчасць пратэснай сімволікі, бел-чырвона-белых сцягоў, якія пазней «закідваў на дрэвы».


Аднак праз 15 сутак Шалковіч на волю так і не выйшаў — яго зноў арыштавалі на 15 сутак. Пра гэта стала вядома 26 лістапада. Цяпер скончыліся чарговыя 15 сутак — а 65-гадовы інжынер зноў не выйшаў на волю.

Анатоль Шалковіч стаў папулярным праз яго заяву ў «пакаяльным» відэа МУС пра любоў да белага і чырвонага колераў. «Ну, мне заўсёды падабалася спалучэнне белага і чырвонага колеру, калі так бы мовіць. У мяне жонка рудая — гэта значыць, белае з чырвоным. Я люблю памідоры са смятанай — гэта таксама белае з чырвоным», — казаў ён.