Праваабаронцы: за ліпень у Беларусі рэпрэсаваныя як найменей 150 чалавек
Рэпрэсіі ў Беларусі пачалі насіць спісачны характар. Праз судовую сістэму адбываецца толькі наданне формы акта правасуддзя, пры дапамозе якога рэпрэсаваны зазнае абмежаванні. Пераважная большасць такіх крымінальных спраў разглядаецца за адно судовае пасяджэнне.
Праваабаронцы «Вясны» тры гады фіксуюць устойлівую тэндэнцыю крымінальнага пераследу і асуджэння грамадзян па палітычных матывах. Паводле наяўных звестак, агульная колькасць людзей, якія маглі быць рэпрэсаваныя за ліпень, складае прыблізна 150 чалавек. Праваабаронцам вядома пра не менш як 52 асуджаных у крымінальным парадку грамадзян, з якіх 37 складаюць мужчыны, 15 — жанчыны.
Структура крымінальнага судаводства па палітычных матывах у выглядзе групавых спраў, а таксама рэпрэсіі ў дачыненні да цэлых сямей, паказваюць на тое, што яны носяць спісачны характар, падкрэсліваюць праваабаронцы.
Аналіз, які праводзіўся на працягу трохгадовага перыяду, сведчыць пра тое, што верхняе парогавае значэнне колькасці людзей, якое судовая сістэма ў стане рэпрэсаваць на працягу месяца па палітычна матываваных крымінальных справах, складае каля 220 чалавек.
Разам з тым, найніжэйшы паказчык колькасці рэпрэсаваных судовай сістэмай грамадзянаў зафіксаваны ў лютым 2022 года, калі праходзіў рэферэндум па змяненні Канстытуцыі. Гэты паказчык склаў менш за 80 чалавек, пры гэтым колькасць людзей, якія пераследаваліся судамі ў крымінальным парадку ў Мінску на той момант была ніжэй за такую ў большасці абласцей рэспублікі.
Рэгіёнам, дзе на працягу трох гадоў фіксуецца найменшая колькасць людзей, якія пераследуюцца судамі ў крымінальным парадку, з'яўляецца Віцебская вобласць.
Крымінальны пераслед па палітычных матывах у ліпені вызначаўся наступнымі тэндэнцыямі:
- працяг пераследу спісачным чынам грамадзянаў паводле артыкула 342 КК за ўдзел у маршах 2020 года (73 чалавека за месяц судзілі паводле гэтага артыкула, яшчэ 5 грамадзянам гэты склад выстаўляўся поруч з дыфамацыйнымі складамі злачынства);
- развіццё тэндэнцыі крымінальных рэпрэсій за данаты і ахвяраванні ў адрас нефармальных аб'яднанняў, абвешчаных уладамі «экстрэмісцкімі фармаваннямі» і «тэрарыстычнымі арганізацыямі» (11 чалавек на працягу месяца судзілі па дадзенай катэгорыі спраў);
- у дачыненні да асуджанага ў чэрвені за фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання і фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці ў ліпені разглядалася крымінальная справа за фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці;
- рэзкі выбух спраў паводле артыкула 411 КК (непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы) у дачыненні да 4 палітзняволеных на фоне павелічэння колькасці гэтай катэгорыі спраў да двухзначных паказчыкаў у рэспубліканскім маштабе за мінулы перыяд.
Сумарна, паводле вядомых праваабаронцаў фактаў асуджэння, у ліпені суды вынеслі:
- 94 гады і 1 месяц пазбаўлення волі ў дачыненні да 28 чалавек;
- 58 гадоў і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатняя хімія») у дачыненні да 24 чалавек;
- 5 570 базавых велічынь штрафу на суму 206 090 рублёў у якасці дадатковага пакарання ў дачыненні да 6 чалавек разам з пазбаўленнем волі (5 чалавек) і «хатняй хіміяй» (1 чалавек).
Па вядомых праваабаронцам прысудах у ліпені суды ўжывалі пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі, у 53,8% выпадкаў. Абмежаванне волі без накіравання ў ПУАТ («хатняя хімія») ужывалася ў 46,2% выпадках асуджэння грамадзян.
Такім чынам, у ліпені пакаранне па палітычна матываваных крымінальных справах, звязанае з пазбаўленнем волі і яе абмежаваннем у выглядзе «хатняй хіміі», суды ўжывалі ў 100% вядомых «Вясне» выпадках асуджэння фігурантаў палітычна матываваных крымінальных спраў.