Хронікі рэпрэсій. Пачалі судзіць спявачку, якая адмовілася ад стыпендыі Лукашэнкі
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 1 жніўня.
Жыхара Жлобіна палітзняволенага
Дзяніса Гузава асудзілі на два
гады «хіміі» за ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020 годзе. Яго абвінавацілі паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за
арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак,
альбо актыўны ўдзел у іх. Справу разглядала суддзя Святлана Рубахава.
Паводле абвінавачання, Гузаў у ноч на 10 жніўня 2020 года «разам з іншымі асобамі актыўна парушаў грамадскі парадак, непадпарадкоўваўся патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, выходзіў на праезную частку вуліц, замінаў працы грамадскага транспарту».
Судовы працэс праходзіў яшчэ 27 красавіка.
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска пачалі судзіць спявачку Патрыцыю Свіціну. Яе абвінавачваюць паводле «народнага» артыкула 342 КК. Справу разглядае суддзя Вікторыя Шабуня.
Відэа з дзяўчынай з'явілася 18 траўня. На ім дзяўчына расказвала, што «ўдзельнічала ў пратэстах», «выходзіла на дарогі» і ў складзе калоны «перакрывала рух транспарту». Таксама яна казала, што публікавала ў сацсетках «негатыўныя паведамленні» пра сілавікоў, аб «спецаперацыі, якая праводзіцца на тэрыторыі Украіны» і «распальвала варожасць і нянавісць паміж славянскімі народамі».
Патрыцыя — спявачка, якая з'яўлялася лаўрэаткай стыпендыі Лукашэнкі па падтрымцы таленавітай моладзі, але адмовілася ад яе.
У Мінскім гарадскім судзе пачаўся суд над Ірынай Скроб. Яе абвінавачваюць паводле ч.1 арт.
361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай
дзейнасці»). Справу будзе разглядаць суддзя Любоў Сімахіна. Падрабязнасці справы
праваабаронцам невядомыя.
Праваабаронцы падлічылі, што паводле гэтага артыкула з чэрвеня 2022 года ў Беларусі асудзілі не менш за 65 чалавек на тэрміны ад двух і больш гадоў калоніі.
Яшчэ аднаго беларуса затрымалі пасля вяртання з-за мяжы. Мужчыну завуць Вячаслаў Чарнецкі. Яго
абвінавачваюць у тым, што ён нібыта напісаў каля 1000 каментароў у
«экстрэмісцкіх» каналах і чатах.
У Мінску
затрымалі ўладальніцу бара «Пересмешник» і яе мужа. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што муж
уладальніцы бара — грамадзянін РФ — удзельнічаў у акцыях пратэсту ў 2020 годзе,
сігналіў машынай у знак салідарнасці з пратэстоўцамі, а дома захоўваў чатыры
БЧБ-сцягі. Уладальніцу ж бара ГУБАЗіК абвінаваціў у «занятку прастытуцыяй».
Лукашысты заявілі
аб затрыманні яшчэ аднаго чалавека з фільма DELFI. Прозвіша мужчыны невядомае.
Былога дырэктара магілёўскага музея Аляксея Бацюкова
вызвалілі пасля трох сутак за
кратамі. Падрабязнасцей няма.
Вядома толькі, што ў пятніцу, 28 ліпеня, Бацюкова затрымалі раніцай, пасля чаго
адправілі ў ІЧУ. Там ён прабыў трое сутак, пасля чаго выйшаў на волю.
Раней Аляксея Бацюкова затрымлівалі ў 2020 годзе за «ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве». Тады суд прызначыў яму штраф.
У студзені 2021 года з Аляксеем, які на той момант займаў пасаду дырэктара Музея гісторыі Магілёва, не працягнулі кантракт.
Чарговае папаўненне «экстрэмісцкіх» матэрыялаў — суд
Чыгуначнага раёна Гомеля за адно пасяджэнне прызнаў «экстрэмісцкімі» 25
інтэрнэт-старонак.
Гэта старонкі, звязаныя з праектамі «Рабочы Рух» і «Prague Support Team», а таксама заводамі БМЗ і «Гродна Азот». Нагадаем, што на пачатку ліпеня гэты ж суд за адно пасяджэнне прызнаў «экстрэмісцкімі» ажно 105 старонак.
Таксама «экстрэмісцкі» спіс папоўнілі відэа «Запад
показал зубы режиму Александра Лукашенко. Отступает ли белорусский диктатор в
гибридной войне?», старонкі ў «Аднакласніках» «Хватит Бояться!» і «Жыве
Беларусь», а таксама тэлеграм-каналы
і чаты «Іра Лукашэнка – прозвішча не прысуд», «Беглый
в Украину UA», «Беларусы Одессы», «Razam – Новостной Канал», «PLACOÜKA»,
«Доўгая Дарога Дадому», «Беларускi дзённiк».