Хронікі рэпрэсій за 31 ліпеня

Навіны пра палітвязняў, затрыманні, суды і ўсё, што звязана з рэпрэсіямі ў Беларусі.

Ілюстрацыйнае фота: spring96.org

Ілюстрацыйнае фота: spring96.org

***

Суддзя Вярхоўнага суда Ігар Любавіцкі 31 ліпеня разгледзеў апеляцыю на прысуд па «справе TUT.BY». Ён пакінуты ў сіле.

«31 ліпеня 2023 года апеляцыйнай пастановай судовай калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь прысуд Мінскага гарадскога суда ад 17 сакавіка 2023 года па крымінальнай справе ў дачыненні да Чэкінай Л. Ю. і Золатавай М. У. пакінуты без змены, а апеляцыйныя скаргі – без задавальнення. Прысуд уступіў у законную сілу», — гаворыцца ў паведамленні суда.

***

Вярхоўны суд таксама не задаволіў апеляцыю палітзняволенай Валерыі Касцюговай. Прысуд Валерыі, вынесены Мінскім гарадскім судом у сакавіку, застаўся ў сіле: 10 гадоў пазбаўлення волі, паведамляе БАЖ.

Пасяджэнне ў Вярхоўным судзе праходзіла 25 ліпеня. Пасля разгляду апеляцыі Касцюговай дазволілі кароткую сустрэчу з мужам. На пачатку жніўня яе павінны этапаваць у Гомель, дзе яна будзе адбываць пакаранне ў калоніі агульнага рэжыму.

***

Мінчука Аляксея Кудасава, асуджанага на 11 гадоў калоніі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку аб «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання» (арт. 361-1), будуць судзіць паўторна, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

Справу Аляксея Кудасава 3 жніўня пачне разглядаць Гомельскі абласны суд. Судзіць яго будуць зноў па тым жа артыкуле, але па другой частцы — «тыя ж дзеянні, учыненыя паўторна».

***

Асуджанага на 4,5 гады ўдзельніка «віцебскіх перформансаў» Арцёма Латышава перавялі з бабруйскай калоніі ў магілёўскую турму, піша MAYDAY.

Суд аб узмацненні жорсткасці пакарання адбыўся 26 ліпеня, але пра яго вынікі стала вядома толькі цяпер. Паводле інфармацыі валанцёраў, да пераводу Латышаў знаходзіўся ў ШІЗА.

Арцём Латышаў — жыхар Віцебска, працаваў на кандытарскай фабрыцы «Віцьба». Яго затрымалі 8 верасня 2021 года за перформанс на магіле з выявай Лукашэнкі, а таксама за псаванне банераў з выявай супрацоўнікаў ДАІ.

20 мая 2022 года Латышава асудзілі за «злоснае хуліганства» (ч.2 арт. 339 КК) і «псаванне маёмасці» (арт. 341 КК). Суд прысудзіў мужчыну да 4,5 гадоў калоніі.

***

Сілавікі ў Гомелі затрымалі слесара Віталя Сваткоўскага. Як паведамляюць праваабаронцы, у яго спыталі, якога колеру беларускі сцяг, хто з'яўляецца прэзідэнтам краіны, а пры затрыманні «паклалі» на зямлю і паставілі яму калена на шыю. Відэа з затрыманнем было апублікавана ў тэлеграм-канале завода, дзе мужчына цяпер ужо не працуе.

Віталь быў вымушаны сказаць, што «лайкаў» «экстрэмісцкія» допісы ў «Аднакласніках». Паведамляецца, што ён прысуджаны да 25 сутак арышту за нібыта «распаўсюджанне нацысцкай сімволікі» і «распаўсюджанне экстрэмісцкай інфармацыі».

***

75-гадовага віцебскага дэмакратычнага актывіста Барыса Хамайду прысудзілі да арышту ў судзе Верхнядзвінскага раёна, але падрабязнасцей, па якім менавіта артыкуле ён пакараны, сябрам і знаёмым не паведамілі.

У Хамайды няма блізкіх сваякоў, якія маглі б даведацца дакладную прычыну арышту, і таму ён раскажа пра гэта хіба што сам, калі выйдзе на волю. Верагодней за ўсё, адбываць арышт актывіст будзе ў наваполацкім ІЧУ, бо пры верхнядзвінскім РАУСе няма адпаведных памяшканняў.

У тэрмін прысуджанага арышту ўвойдуць тыя трое сутак, якія Барыс Хамайда ўжо адбыў за кратамі. Ён быў затрыманы 28 ліпеня каля 11:30 на пероне чыгуначнай станцыі Бігосава.

***

У Беларусі плюс 14 новых палітвязняў: Віталь Вайцяховіч, Анастасія Вайцяховіч, Уладзіслаў Вайцяховіч, Вольга Пятух, Уладзімір Савянкоў, Сяргей Сакалоў, Мікалай Рой, Уладзімір Адзінец, Кірыл Кузняцоў, Яўген Чуміла, Аляксей Прохараў, Сяргей Гуня, Канстанцін Прытуленка.

***

На сённяшні дзень вось ужо некалькі месяцаў няма аніякай інфармацыі пра самых вядомых палітвязняў: Марыю Калеснікаву — 167 дзён, Максіма Знака — 172 дні, Мікалая Статкевіча — 171 дзень, Ігара Лосіка — 162 дні, Сяргея Ціханоўскага — 144 дні, Віктара Бабарыку — 95 дзён, Паліну Шарэнда-Панасюк — 24 дні. 

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», цяпер у Беларусі прызнаны палітвязнямі 1488 чалавек. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1740 чалавек. Сярод іх — 192 жанчыны і 8 непаўнагадовых. 16 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.