Прафілактыка наркаманіі — у фокусе беларуска-шведскага семінара ў Брэсце

Міжнародны семінар "Практычныя метады другаснай прафілактыкі наркаманіі ў падлеткавым асяроддзі: вопыт Швецыі і Беларусі" праходзіць 20–22 сакавіка ў Брэсце.



1320068946_d09dd0b0d180d0bad0bed182d0b8d0bad0b8_d184d0bed182d0be_d181_d181d0b0d0b9d182d0b0_vologda_portal_ru_.jpg

Мерапрыемства арганізавана камісіяй па справах непаўналетніх Брэсцкага аблвыканкама пры падтрымцы шведскага нацыянальнага саюза "За грамадства без наркотыкаў" (Стакгольм).


 

Як адзначыў на адкрыцці семінара намеснік старшыні абласной камісіі па справах непаўналетніх Аляксандр Каштанюк, праведзенае ў 2010 годзе ананімнае анкетаванне навучэнцаў Брэсцкай вобласці паказала, што да 16 гадоў прыкладна 6,5% падлеткаў хаця б раз прабавалі нейкі наркотык.


 

"Каб спецыялісты, якія ў нашым рэгіёне займаюцца прафілактыкай наркаманіі ў падлеткавым асяроддзі, маглі больш эфектыўна працаваць, мы хочам паказаць напрацоўкі ў гэтай сферы арганізацый Швецыі", — сказаў Каштанюк.


 

Генеральны сакратар шведскага нацыянальнага саюза "За грамадства без наркотыкаў" Пэр Юхансан адзначыў, што ў Швецыі наркотыкі з'явіліся ў сярэдзіне 60-х гадоў ХХ стагоддзя і назапашаны вялікі вопыт працы з гэтай праблемай.


 

"Мы зрабілі шмат карысных высноў. Адна з іх — недапушчэнне першага знаёмства маладых людзей з наркотыкамі. Сёння мы раскажам пра тое, што можа зрабіць тут школа. Гэта будуць практычныя парады, якія могуць быць эфектыўна выкарыстаны ў Беларусі", — падкрэсліў Юхансан.


 

У межах семінара запланавана прэзентацыя вопыту працы арганізацый Швецыі па выяўленні падлеткаў, якія прабуюць наркотыкі, раннім умяшанні ў іх "наркакар'еру" і аказанні дапамогі такім непаўналетнім, прынцыпы і мадэлі другаснай прафілактыкі наркаманіі ў школе.


 

Плануецца таксама вывучэнне працы пінскага гарадскога клуба "То4ка" па прафілактыцы першаснай і другаснай наркаманіі сярод падлеткаў. Гэты клуб працуе трэці год і створаны на аснове вопыту Швецыі.


 

У працы семінара бяруць удзел спецыялісты ўстаноў адукацыі вобласці, камісій па справах непаўналетніх гарадскіх і раённых выканкамаў, праваахоўных органаў, грамадскіх арганізацый Брэсцкай вобласці, прадстаўнікі сацыяльнай службы горада Еўле (Швецыя).


 

У Брэсцкай вобласці паводле даных на 1 студзеня 2013 года на ўліку стаяла 1.580 чалавек, якія ўжываюць наркотыкі. Гэта на 165 больш, чым на 1 студзеня мінулага года. Пры гэтым колькасць непаўналетніх, якія стаяць на ўліку, паменшылася з 12 да 8.

Ларыса Шыганава, БелаПАН