Праект па падтрымцы сілавікоў, што звольніліся, будзе працягнуты?
CEO стартапа Deepdee і ўдзельнік фонду BYSOL Яраслаў Ліхачэўскі напісаў у Facebook, што гатовы працягнуць праект Мікіты Мікада па падтрымцы сілавікоў, якія звольніліся.
Нагадаем, што сузаснавальнік PandaDoc Мікіта Мікада каля месяца таму прапанаваў дапамогу сілавікам, якія звольніліся з органаў. Аднак у пачатку верасня чацвёра супрацоўнікаў ягонага мінскага офіса былі арыштаваныя і абвінавачаныя ў махлярстве. Кожнаму з іх пагражае ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Мікіта Мікада называе тое, што адбываецца, палітычнымі рэпрэсіямі, мэта якіх — аказаць ціск на яго, аднак прыняў рашэнне спыніць праект дапамогі сілавікам.
Цяпер Яраслаў Ліхачэўскі, CEO Deepdee і адзін з сузаснавальнікаў Фонду салідарнасці BYSOL, паведаміў, што гатовы працягнуць ініцыятыву Мікада. Ён напісаў, што захоплены адвагай Мікіты, які «зрабіў крок на сустрэчу, крок да дыялогу паміж беларусамі ў форме і іх грамадзянскімі братамі і сёстрамі».
— Гэты крок дазволіў тысячам супрацоўнікаў сілавых ведамстваў пазбегнуць учынення злачынстваў і перайсці на бок народа. І гэта быў адзін з самых моцных удараў па сістэме, — дадае ён. — Чакана, сістэма ўдарыла ў адказ. Недарэчна, нязграбна, ігнаруючы любую мараль, здаровы сэнс і закон. Але ўдарыла подла і балюча.
Мікіта, ты ведаеш. Прапускаць удары непрыемна, але гэта нармальна. Падаць бывае балюча, але колькі разоў мы спатыкаліся і падалі ў працэсе пабудовы нашых бізнесаў. Ты ведаеш лепш мяне — All you can do is duck-dive and push harder.
Мікіта акрыяе ад удару і падымецца, Мікіта сапраўдны баец. А цяпер я лічу сваім абавязкам падхапіць сцяг падняты Мікітам і працягваць працу з сілавікамі. Фармат той жа. Цяпер можаце пісаць наўпрост мне і звяртацца ў наш Фонд салідарнасці BYSOL / Belarus solidarity foundation.
У канцы паста падкрэсліў Яраслаў:
— Мы не спынімся, пакуль на бок народа не пяройдзе апошні сілавік, а ўсе, хто ўчынілі злачынствы, не будуць асуджаныя. Мы не спынімся, пакуль краіну не вернуць таму, каму яна належыць — беларускаму народу!
Яраслаў Ліхачэўскі — сузаснавальнік і CEO кампаніі Deepdee. Гэта праект, які накіраваны на раннюю дыягностыку хвароб па фатаграфіях вокавага дна.
Кампанія Deepdee была зарэгістраваная ў траўні 2018 года. Сярод яе дасягненняў ёсць перамога на конкурсе сацыяльных стартапаў ад нямецкай карпарацыі Bayer, прыз на Emerging Europe Award у катэгорыі Social Impact Startup of the Year і акселерацыя ў галандскім Rockstart.
Паводле 42.tut.by