Пётр Парашэнка ўручыў пашпарт Украіны беларусу — камандзіру разведкі батальёна "Азоў"

Падчас сустрэчы з ваеннымі, якія абараняюць данецкі аэрапорт, украінскі прэзідэнт Пётр Парашэнка ўручыў пашпарт грамадзяніна Украіны беларусу Сяргею Кароткіх, які ваюе ў складзе батальёна "Азоў" з самага пачатку яго стварэння і з'яўляецца камандзірам разведкі.



b957d2b3_6726_4920_817b_c331c7ea11d6_w640_r1_s.jpg

Як паведамляе прэс-служба кіраўніка ўкраінскай дзяржавы, Парашэнка выказаў удзячнасць Кароткіх за мужную і адданую службу. "Быць грамадзянінам Украіны стала модна, прэстыжна, я ганаруся гэтым і з задавальненнем уручаю вам пашпарт грамадзяніна Украіны", — сказаў прэзідэнт. "Лепшыя нашы воіны, лепшыя валанцёры, якія прадэманстравалі, што яны на рускай, беларускай, англійскай ці любой іншай мове любяць Украіну не менш, чым яе любяць на украінскай, якія гатовыя аддаць сваё жыццё за яе незалежнасць, вартыя насіць вялікае і гордае званне грамадзяніна Украіны", — заявіў ён.


Кароткіх выказаў удзячнасць Парашэнку словамі ўкраінскіх воінаў: "Служу народу Украіны". Пасля ўзнагароджання баец зазначыў, што ён родам з Расіі, доўгі час быў грамадзянінам Беларусі. "Я вельмі рады, што атрымаў грамадзянства Украіны. Я да гэтага ішоў восем месяцаў", — сказаў ён. Паводле слоў Кароткіх, усе глядзяць расійскія тэлеканалы, і большасць людзей разумеюць, што тое, што адбываецца ва Украіне, можа паўтарыцца ў Беларусі, Казахстане, Латвіі.


Парашэнка паведаміў, што Міністэрства абароны сумесна з Міністэрствам унутраных спраў рыхтуе яшчэ шэраг прадстаўленняў на прыняцце ва ўкраінскае грамадзянства байцоў, якія самаахвярна абараняюць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць краіны.


Раней некалькі валанцёраў звярнуліся да прэзідэнта Украіны з просьбай прыняць Сяргея Кароткіх ва ўкраінскае грамадзянства. Камісія па пытаннях грамадзянства пры прэзідэнце разгледзела гэтыя звароты і станоўча вырашыла пытанне.
БелаПАН