Пікет у Дзень правоў чалавека
У Мінскі гарвыканкам пададзена заяўка на правядзенне ў сталіцы пікетавананя ў Дзень правоў чалавека 10 снежня.
Арганізатарамі пікету выступілі пенсіянеры, ветэраны працы з агульным працоўным стажам 138 гадоў: 64-гадовы Аляксандр Каваленка з Бабруйска (Магілёўская вобласць), 70-гадовы Аляксандр Сафронаў з Наваполацку (Віцебская вобласць) і 74-гадовы Барыс Бабок з Крупак (Мінская вобласць).
У заяўцы адзначаецца, што пікет павінен прыцягнуць увагу грамадства і дзяржавы да праблемы парушэння чыноўнікамі правоў грамадзян. “Гаворка ідзе пра тое, што на свае скаргі ў дзяржаўныя органы грамадзяне атрымліваць адпіскі, а не адказы па сутнасці на ўзнятыя пытанні. Такія дзеянні з’яўляюцца парушэннем артыкула 40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Болей таго, не даючы адказы на ўзнятыя пытанні, чыноўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прыпынілі з намі “перапіску, тое ж самае зрабілі і чыноўнікі Вярхоўнага Суду краіны, — гаворыцца ў заяўцы.
Пад час акцыі мяркуецца выкарыстаць плакаты наступнага зместу: “Чынавенства, годзе дурыць народ і здзеквацца з яго!,“Ашуканцаў народа — да адказнасці!, “Администрация Президента Республики Беларусь — надежная защита беззакония в стране, “Требуем от чиновников выполнения Конституции и законов страны!.
У пікетаванні запланаваны ўдзел грамадзян з усіх рэгіёнаў Беларусі, прычым большасць з іх — жанчыны сталага ўзросту.
Арганізатары акцыі звярнулі ўвагу сталічных уладаў на тое, што “права на свабоднае выказванне свайго меркавання і правядзенне пікету прадстаўлена нам адпаведна артыкуламі 33 і 35 Канстытуцыі краіны. “Механізм рэалізацыі гэтага права вызначаны Законам Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь. Мінгарвыканкам, як орган выканаўчай улады, павінен забяспечыць рэалізацыю нашага права на свабоднае выказванне нашага меркавання пад час правядзення пікету, падкрэсліваецца ў заяўцы.
У адпаведнасці з артыкулам 6 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь падпісанты заяўкі просяць вырашаць усе ўзнікаючыя пытанні па даце, месцу і часу правядзення акцыі па прадстаўленых нумарах тэлефонаў.
З 1950 году 10 снежня штогод ва ўсім свеце адзначаецца Дзень правоў чалавека у сувязі з тым, што 10 снежня 1948 году Генеральная Асамблея ААН прыняла Ўсеагульную дэкларацыю правоў чалавека. Гэта
першы міжнародны дакумент, у якім прызнаецца, што асноўныя правы і свабоды неаддзельна ўласцівы ўсім людзям, і што ўсе людзі нараджаюцца вольнымі і роўнымі.