Перайменаваць вуліцу Валадарскага ў вуліцу БНР!
У Мінску адбылося чарговае паседжанне Нацыянальнага грамадскага аргкамітэта па святкаванню 100 гадовага юбілею БНР.
У ім прынялі ўдзел старшыня аргкамітэта мастак Мікола Купава, святар Леанід Акаловіч, прадстаўнік БСДП Аляксей Сігаеў, заснавальнікі грамадскага руху "Дзея" Алесь Лагвінец, Аліна Нагорная, Максім Ціханаў, прадстаўніца руху салідарнасці “Разам” Алена Талстая.
Напачатку мерапрыемства перад аргкамітэтам пра падрыхтоўку да ўрачыстай вечарыны 24-га сакавіка даў справаздачу Алесь Лагвінец. Урачыстая вечарына з разлікам на 400 гасцей пачнецца а 17 гадзіне ў Івэнт-Прасторы “210 мэтраў”. Уваход па запрашэннях. На ёй будуць прысутнічаць вядомыя беларускія дзеячы, ахвярадаўцы, замежныя дыпламаты. Па словах Алеся Лагвінца, сваю прысутнасць пацвердзілі прадстаўнікі 11 амбасадаў, у тым ліку ЗША, Нямеччыны, Брытаніі, Польшчы, Чэхіі, Францыі, Нідэрландаў і іншыя. Адкрываць вечарыну будзе Мікола Купава. Падчас імпрэзы прагучыць зварот Івонкі Сурвілы, выступяць Лявон Баршчэўскі і Аляксандр Старыкевіч. Музычную частку забяспечаць Сяргей Доўгушаў, Зміцер Вайцюшкевіч і фальклорны ансамбль “Тутэйшая шляхта”.
Мікола Купава распавёў пра сітуацыю з усталяваннем мемарыяльнай шыльды на будынку, дзе ў 1918 годзе была абвешчана Беларуская Народная рэспубліка. Як вядома, усталяванне шыльды на доме па вуліцы Валадарскага, 9, якое планавалася на 23 сакавіка, адкладзенае з ініцыятывы гарвыканкама. Адклад тлумачыцца неабходнасцю выканання ўсіх фармальных працэдураў, прынамсі сёння павінна адбыцца яе зацвярджэнне мастацкім саветам. Гарадское начальства даслала ліст Рыгору Сітніцу, што сур’ёзных пярэчанняў няма і ганаровая шыльда мусіць быць усталяваная да 1 красавіка. “Нічога страшнага, што дошка будзе ўсталяваная пасля 25-га сакавіка. 100-годдзе БНР мусіць адзначацца ўвесь 2018 год і цягам яго будуць адбывацца пэўныя ўрачыстыя мерапрыемствы”, — адзначыў Мікола Купава.
Леанід Акаловіч распавёў, што будзе працаваць з уладамі, каб дамагчыся перайменавання вуліцы Валадарскага ў вуліцу Братоў Луцкевічаў альбо вуліцу БНР.
Алена Талстая выступіла з ініцыятывай зрабіць ад імя аргкамітэта заяву з рашучым асуджэннем затрыманняў сябраў аргкамітэта Уладзіміра Някляева, Вячаслава Сіўчыка і Максіма Вінярскага. “Наша заява мусіцць быць накіравана не толькі ў падтрымку трох нашых паплечнікаў, але супраць далейшых прэвентыўных затрыманняў і ў абарону ўсіх, хто мае намер далучыцца да вулічнага святкавання 100-годдзя БНР". Удзельнікі аргкамітэта пагадзіліся ў бліжэйшы час разгледзець падрыхтаванаую Аленай Талстой заяву і прыняць яе.