Пазьняк заклікае вернікаў падаваць у суд на Алексіевіч
Зянон Пазьняк раскрытыкаваў словы Святланы Алексіевіч падчас жывога эфіру на тэлеканале «Дождь».
9 чэрвеня беларуская нобелеўская лаўрэатка, сярод іншага, сказала:
«Вайна, якую пачала Расія ў Данбасе — на сумленні Расіі. Такую вайну можна пачаць і ў Беларусі. Дайце туды танкі, дайце туды зброю, і католікі будуць забіваць праваслаўных ці каго заўгодна».
Паводле Пазьняка, заява Алексіевіч накіраваная перш за ўсё на распальванне рэлігійнай і сацыяльнай варожасці ў беларускім народзе.
«Не прыпамінаю, каб хто калі (нават у асяроддзі адкрытых ворагаў Беларусі) гэтак казаў. Другое — такая заява накіравана на дэзінфармацыю заходніх палітыкаў і заходняга абывацеля, якія нічога не ведаюць пра Беларусь і жывуць стэрэатыпамі Паўночнай Ірландыі, Сербіі, Босніі ды Косава. Хрысціянства ў гэтай заходняй лібералістычнай бюракратыі і ахлакратыі зніжана, перакручана і не ў пашане», — напісаў Зянон Пазьняк.
Старшыня КХП-БНФ прапануе Святлане Алексіевіч папрасіць прабачэння ў беларусаў за распальванне рэлігійнай і сацыяльнай варожасці.
«Першае, што трэба зрабіць, гэта (пажадана разам і каталікам, і праваслаўным) звярнуцца ў суд аб узбуджэнні крымінальнай справы супраць грамадзянкі Святланы Алексіевіч паводле артыкулу 130 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь. — Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці альбо розні».
Пазьняк падтрымаў адкрыты зварот мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, у якім іерарх сцвярджае, што ў Беларусі «гістарычна склаліся добрыя як міжканфесійныя, так і міжрэлігійныя адносіны».