Тадэвуш Кандрусевіч напісаў адкрыты ліст Святлане Алексіевіч

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч напісаў адкрыты ліст да Святланы Алексіевіч з нагоды яе выказванняў у інтэрв'ю расійскаму тэлеканалу «Дождь».

d90015cd_582d_41b6_aee0_197fadc3b2a2_w1023_r1_s.jpg

Глыбокапаважаная Святлана Аляксандраўна!
Калі ў 2015 г. Вы атрымалі Нобелеўскую прэмію, я, прымаючы ўдзел у працы Сіноду Біскупаў на тэму сям’і ў Ватыкане, папрасіў слова і аб’явіў аб тым, што Вы сталі лаўрэатам самай прэстыжнай прэміі па літаратуры — і біскупы ўсяго свету Вам апладзіравалі.
Уся Беларусь таксама радавалася гэтай знакавай падзеі.
Сёння, знаходзячыся за мяжой на ўрачыстасцях біскупскіх пасвячэнняў новага Мітрапаліта Беластоцкага арцыбіскупа Тадэвуша Войды, я з вялікім смуткам і трывогай успрыняў Вашыя словы: «Дайце ў Беларусь танкі, зброю — і там каталікі пачнуць забіваць праваслаўных ці каго заўгодна».
З усёй упэўненасцю хачу падкрэсліць, што гэта нават немагчыма сабе ўявіць ў Беларусі, дзе гістарычна склаліся добрыя як міжканфесійныя, так і міжрэлігійныя адносіны, якія з’яўляюцца нашым нацыянальным скарбам і добрым прыкладам для ўсяго свету.
Няўзброеным вокам бачна, што Каталіцкі Касцёл, як і Праваслаўная Царква ды іншыя веравызнанні ў Беларусі робяць усё магчымае, каб развіваць адносіны паміж сабой і грамадствам.
Паводле Вашых слоў, «чалавек — дастаткова недасканалая істота, яму ў галаву можна ўкласці ўсё, што заўгодна». Так, сапраўды, чалавечая прырода здэфармавана першародным грахом, але з Божай дапамогай ён можа супрацьстаяць спакусам і выклікам часу і калі будзе прыбягаць да яе, то нікому не ўдасца ўкласці ў яго галаву ўсё, што заўгодна.  
Не хацелася б, каб Вашы словы як лаўрэата Нобелеўскай прэміі былі ўспрыняты як заклік да міжканфесійнай канфрантацыі. Наадварот, яны павінны ўносіць мір і кансалідацыю ў наша грамадства.
Спадзяюся, што ў Вашых словах не было дрэннага намеру ў адрас католікаў нашай Бацькаўшчыны. Аднак варта памятаць, што зраніць і забіць могуць не толькі танкі і зброя, але і словы. Будучы асобамі публічнымі, неабходна памятаць пра адказнасць за свае словы.
Выказваю надзею, што нягледзячы на Вашу нецаркоўнасць (пар. m.nn.by/articles/192161/), Вы з павагай будзеце ставіцца да натуральнага права чалавека на рэлігійную свабоду, якое яму таксама гарантуе Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Ад усяго сэрца жадаю Вам, каб Вашы высілкі як лаўрэата Нобелеўскай прэміі спрыялі гарманічнаму і мірнаму развіццю нашага грамадства.
Мінск- Беласток, 9 чэрвеня 2017 г.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі