Алексіевіч прафінансавала выданне біяграфіі Дубоўкі

Лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч прафінансавала выданне дакументальнай біяграфіі пісьменніка Уладзіміра Дубоўкі.

19029373_1459546224108378_1949880733895969800_n.jpg

Дакументальная біяграфія Уладзіміра Дубоўкі выйшла ў серыі «Беларуская мемуарная бібліятэка» выдавецтва «Лімарыус».

Пра гэта паведаміла ў сваім фэйсбуку ўкладальніца кнігі Ганна Севярынец.

«Хацела б выказаць шчырую падзяку фундатарцы выдання — лаўрэату Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлане Алексіевіч», — напісала яна.

Ганна Севярынец у красавіку распавяла «Нашай Ніве» пра мецэната, які паспрыяў выданню кнігі, паабяцаўшы раскрыць імя пазней.

«Наконт краўдфандынгу: асабіста я лічу, што такія выданні — шыкоўная магчымасць для людзей бізнэсу зрабіць унёсак у справу беларускай культуры. Прыкладам, выданне дакументальнай біяграфіі Дубоўкі прафінансавана адным з найлепшых беларускіх мецэнатаў — пакуль не выдам сакрэту кім, усё паведамім на прэзентацыях. Калі нехта з бізнэсоўцаў пажадае ўнесці сваё імя ў гісторыю беларускай літаратуры і паўдзельнічаць у выданні твораў Алеся Дудара — пішыце. Гэта будзе файны і не вельмі цяжкі фінансава праект», — сказала тады Ганна Севярынец.

У панядзелак таксама ў Мінску прайшло выданне іншай кнігі Уладзіміра Дубоўкі: «Выбраныя творы». Грошы на гэтую кнігу збіралі праз Талаку.


Алексіевіч «адгукнулася маментальна, ў той самы дзень, як атрымала мой [электронны] ліст», — напісала нам Ганна Севярынец.

«Яна спыталася, фінансаваць Дубоўку ці выданне яго біяграфіі, — дадае Аляксандр Фядута. — Я сказаў: «творы Дубоўкі набудуць чытачы, а кнігу маладога аўтара трэба падтрымаць». І Святлана Аляксандраўна зрабіла менавіта так. Па яе словах, Дубоўка давёў, што беларусы — не «паны сахі і касы», а мадэрная нацыя, нацыя гарадскіх інтэлігентаў, творцаў», — адзначае ён.

nn.by