АЭС — гэта страшная перспектыва другога Чарнобылю (відэа)

Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец свой новы відэазварот прысвяціў аварыі на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 года і яе значэнню для Беларусі.

1493031457_e4942370_e88a_4732_afea_933164a727c3_w1023_r1_s_1.jpg

Павел Севярынец адзначыў, што чарнобыльскі выбух быў пахавальным звонам для самога СССР, і гісторыя Чарнобыля наскрозь сімвалічная. "Чарнобыль і Беларусь, як чорнае і белае, радыяцыя, як вобраз нябачнага зла, якое забівае так, што ты і не адчуваеш, як вобраз граху, як вобраз пекла”, — падкрэсліў сустаршыня БХД, заклікаўшы беларусаў да разумення, "што гэта вельмі сур’ёзная перасцярога”.
Ён нагадаў, што новая атамная электрастанцыя, цяпер ужо ў Беларусі, за сотню кіламетраў ад Мінску, "будуецца тымі ж людзьмі, якія ў свой час будавалі Чарнобыль”. "Мы павінныя сказаць разам — не будаўніцтву Астравецкай АЭС. Мы павінны разумець, што АЭС у Беларусі — гэта страшная перспектыва другога Чарнобылю”, — падкрэсліў сустаршыня БХД.
Павел Севярынец нагадаў, што, пакуль ішло будаўніцтва, адбываліся няшчасныя выпадкі, падаў корпус рэактара, новы — ударылі аб бетонныя апоры пры транспартыроўцы, а на самой пляцоўцы, на якой будуецца АЭС, пляцоўка размяшчаецца на разломах. "З 30-і пляцовак, якія даследаваліся для беларускай АЭС, Астравецкая самая непрыдатная, як чалавек з дыпломам інжынера-геолага магу вам сказаць дакладна, калі ёсць нейкае месца, дзе нельга будаваць атамную электрастанцыю, дык гэта пляцоўка пад Астраўцом. Больш таго, Астравецкая АЭС знаходзіцца на ружы вятроў, якія дзьмуць з Балтыкі проста на Менск. Калі былі нейкія палітычныя, альбо геапалітычныя меркаванні, з якіх станцыю трэба будаваць тут, дык яны відавочна сфармаваныя ці ў хворым запаленым мозгу, ці ў якім-небудзь крамлёўскім генштабе”, — дадаў ён.


"Таму 26 красавіка мы праводзім чарнобыльскі шлях — акцыю памяці, але адначасова і акцыю пратэсту. А 18.00 мы збіраемся каля Акадэміі навук, мы праводзім там жалобны мітынг і рухаемся да чарнобыльскай капліцы, пабудаванай у памяць пра ахвяры чарнобыльскай катастрофы. Запрашаем вас, дарагія беларусы, выказаць сваё стаўленне. Не будаўніцтву Астравецкай АЭС. 18.00 Акадэмія навук, 26 красавіка, серада”,— заклікаў сустаршыня БХД.
bchd.info