Пашпарт выдалі, з краіны выгналі

Жанчыне, якая 5 месяцаў прасядзела ў Маладзечанскім ізалятары, уручылі пашпарт, давезлі да мяжы, загадалі самой дабірацца да Казані і забаранілі год уязджаць у Беларусь.

deportaciya_iz_rossijskoj_federacii_500x298.jpg


"Учора Домнінай Алене Мікалаеўне, якая 5 месяцаў знаходзілася ў Маладзечанскім ізалятары часовага ўтрымання, уручылі пашпарт грамадзянкі Расійскай Федэрацыі і адвезлі на мяжу Беларусі І Расіі. Адтуль яна сама павінна дабрацца да Казани і 1 год яна не мае права ўязджаць у Беларусь, у якой пражыла 30 гадоў. Яна папрасіла патэлефанаваць і паведаміць мне пра гэта", — напісала ў сваім ФБ грамадская актывістка Вольга Кавалькова.
Нагадаем, 58-гадовая Алена Мікалаеўна, грамадзянка Расіі, якая замужам за беларусам ўжо 30 гадоў, жыве ў Радашковічах, мае дачку ў Казані, аднойчы яна ехала ў аўтобусе, і ў яе парэзалі сумку, скралі пашпарт. Не адразу, але яна САМА звярнулася ў Маладзечанскі аддзел па грамадзянстве і міграцыі, а калі прыйшла праз пару месяцаў 9 снежня 2016 удакладніць вынік, то яе змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Ніякіх дакументаў пры гэтым ёй не выдалі. Яна, як чалавек, які не вельмі разбіраецца ў працэдурах, не разумела, што яна тут робіць, плакала, галадала.


10 сакавіка 2017 года, ёй прынеслі пастанову аб тым, што яе ўтрыманне ў ізалятары працягнута да верасня 2017 года. У пастанове было напісана, што 28 студзеня 2017 яны зрабілі запыт аб вырабе яе пашпарта ў расійскую амбасад. Значыць змясцілі ў ізалятар 9 снежня, а запыт зрабілі праз 2 месяцы.
Яна ніколі ў жыцці не прыцягвалася ні да якой адказнасці, жыла сабе, працавала, а зараз вымушаная ў жудасных умовах чакаць калі ёй вырабяць пашпарт.
З яе слоў інспектар аддзела міграцыі сказаў, што яе дэпартуюць на 1 год, калі вырабяць пашпарт. А да гэтага яна будзе сядзець у ізалятары.
І вось пасля розгаласу ў СМІ і ўмяшальніцтва праваабаронцаў жанчыне выдалі пашпарт і дэпартавалі з Беларусі. Тут у яе застаўся муж, з якім Алена пражыла 30 гадоў.