Хрысціянска-дэмакратычны рух мяняе назву, кіраўніцтва і стратэгію

У суботу, 27 траўня, у Мінску прайшоў ІІ сход Хрысціянска-дэмакратычнага руху.

Фота з сацыяльных сетак

Фота з сацыяльных сетак

Устаноўчы сход ХДР адбыўся яшчэ 14 лістапада 2015 года, але па палітычных прычынах арганізацыі было адмоўлена ў дзяржаўнай рэгістрацыі. У выніку паўтары гады рух быў вымушаны дзейнічаць у якасці аргкамітэту, да яго далучыліся новыя актывісты. Больш за палову прысутных на сходзе 27 траўня далучыліся да руху цягам апошняга году.
На сходзе было вырашана ўнесці шэраг важных зменаў, якія мусяць дапамагчы далейшаму развіццю арганізацыі. У прыватнасці, удзельнікі сходу прагаласавалі за змену назвы на Сацыяльна-хрысціянскі рух. Як адзначыла лідар СХР Вольга Кавалькова, тым самым аб’яднанне пазбаўляецца ад палітычных аспектаў і асацыяцый у сваёй дзейнасці і робіць акцэнт на грамадскую дзейнасць, якая па-ранейшаму будзе заснаваная на хрысціянскіх каштоўнасцях любові да бліжняга і служэння. “Мы не палітычная партыя, мы як арганізацыя не удзельнічаем у выбарах, наша мэта — вырашэнне сацыяльных праблем беларускага грамадства”, — падкрэсліла яна.
Таксама былі ўнесеныя змены і ў кіраўніцтва руху. У прыватнасці, была скарочаная колькасць намеснікаў старшыні арганізацыі з трох да аднаго, а таксама абраны новы склад Рады СХР і Кантрольна-рэвізійнай камісіі. Старшынёй арганізацыі была пераабраная Вольга Кавалькова, яе намеснікам — Максім Гацак.
Былі абмеркаваныя і накірункі дзейнасці Сацыяльна-хрысціянскага руху на бліжэйшы час. Гэтак, удзельнікі сходу выказалі жаданне займацца рэфармаваннем жыллёва-камунальнай гаспадаркі, праваахоўнай і судовай сістэм і практык, вырашэннем праблем утрымання ў ізалятарах і турмах, паляпшэннем сітуацыі і стаўлення да людзей з інваліднасцю і іх апекуноў, абаронай жывёл, сацыялізацыяй вызваленых з месцаў зняволення дзеля пазбягання рэцыдыву, поўнай ліквідацыяй ігорнага бізнэсу, мемарыялізацыяй ахвяр сталінскіх рэпрэсій, пашырэннем беларускай мовы ў сістэме адукацыі і гэтак далей.
“Тут працы не на год, а на дзесяць гадоў. І я радая, што вы гатовыя займацца вырашэннем важных для грамадства праблем. Мы будзем гэта рабіць, пакуль яны не будуць вырашаныя”, — падвяла вынікі Вольга Кавалькова.
Перад удзельнікамі з вітальнымі словамі выступілі таксама сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі і Павел Севярынец, лідар Маладых хрысціянскіх дэмакратаў Марына Хоміч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая, дэпутат Нарвежскага парламенту ад Хрысціянска-дэмакратычнай партыі Геір Таскедаль (Geir Toskedal) і актывісты партыі Улаф Аанансэн (Olav Aanonsen), Гунн-Марыт Люгрэ (Gunn-Marit Lygre) і іншыя.
Падача дакументаў на рэгістрацыю СХР запланаваная бліжэйшым часам. “Наша рэгістрацыя стане тэстам для ўладаў, наколькі яны сапраўды гатовыя да лібералізацыі, наколькі яны сапраўды гатовыя рэгістраваць грамадскія аб’яднанні і палітычныя партыі”, — падкрэсліла Вольга Кавалькова.
Паводле прэс-рэлізу