Пры ім парафія стала менш «польскай», а больш «беларускай». Што вядома пра новага біскупа, якога прызначыў Папа Рымскі
Ксёндз Уладзімір Гуляй для мясцовых вернікаў «свой», а ў маладосці ён быў гітарыстам і вакалістам, піша Katolik.life
Незвычайная пасада
У хуткім часе ксёндз Уладзімір Гуляй можа стаць кіраўніком найбольш масавай у краіне дыяцэзіі.
Папа Рымскі Францішак прызначыў ксяндза Уладзіміра Гуляя біскупам-каад'ютарам Гродзенскай дыяцэзіі. Такое рашэнне 5 красавіка 2024 г. апублікавалі ў Ватыкане.
48-гадовы святар з 2003 года служыць пробашчам парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Фара), а зараз стане дапаможным біскупам найбольш масавай дыяцэзіі ў краіне.
Пасада біскупа-каад'ютара незвычайная і рэдкая не толькі для Беларусі, але ў цэлым у свеце. Такі іерарх прызначаецца, каб дапамагаць кіраўніку дыяцэзіі (ардынарыю), аднак у адрозненні ад дапаможнага біскупа мае права замяшчаць ардынарыя падчас яго адсутнасці.
Таксама каад'ютар адразу аўтаматычна становіцца кіраўніком епархіі ў выпадку адстаўкі ці смерці ардынарыя.
Фактычна гэта азначае, што ксёндз Уладзімір Гуляй будзе служыць у Гродзенскай дыяцэзіі як дапаможны біскуп і адразу ўзначаліць дыяцэзію пасля сыходу ў адстаўку цяперашняга ардынарыя біскупа Аляксандра Кашкевіча, якому ў верасні споўніцца 75 гадоў.
Існуе прадпісанне Апостальскай Сталіцы, у якой прапануецца біскупам пры дасягненні ўзросту ў 75 гадоў падаць прашэнне аб адстаўцы, як гэта было з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. Канчатковае рашэнне прымае Папа Рымскі.
Ксёндз Уладзімір Гуляй для мясцовых вернікаў «свой» — ён нарадзіўся на Гродзеншчыне ў Ваўкавыску.
Цяпер святара чакае ўрачыстае біскупскае пасвячэнне і ўступленне на пасаду.
Музыка, спявак, вясёлы завадатар добрых прыгодаў для дзяцей і моладзі
Арганізатар пілігрымак, музыка, спявак, вясёлы завадатар добрых прыгодаў для дзяцей і моладзі – такім лідскія вернікі ведаюць пробашча фарнага касцёла, ксяндза Уладзіміра Гуляя, якога Папа Рымскі прызначыў біскупам і які ў хуткім часе можа ўзначаліць Гродзенскую дыяцэзію.
Падчас вучобы ў семінарыі будучы біскуп стварыў музычны гурт AVE, аднак не пакідаў музыку і ўжо будучы пробашчам – граў на барабанах, калі ў парафіі праходзілі «Канікулы з Богам» для мясцовых дзяцей.
Вернікі, якія добра ведаюць ксяндза Уладзіміра, падзяліліся сваімі думкамі з нагоды прызначэння яго біскупам. Некаторыя адзначаюць, што пад кіраўніцтвам пробашча парафія стала менш «польскай», а больш «беларускай», то бок гэта дакладна не святар з «польскай партыі»:
«Набажэнствы на самыя вялікія святы праводзіць па-беларуску, у нядзелю ў Лідзе-Фары тры Імшы па-беларуску – для Гродзенскай дыяцэзіі гэта рэкорд па-беларусізацыі», – гаворыць адзін з вернікаў.
На новапрызначанага біскупа ўскладаюць надзею як на «новы вецер у ветразі» – у прыватнасці, у большым уключэнні Гродзенскай дыяцэзіі ў агульнабеларускія каталіцкія справы і далейшую беларусізацыю гродзенскага Касцёла.
Таксама вернікі адзначаюць, што менавіта з Ліды ўжо на працягу многіх гадоў арганізоўваюць пешую пілігрымку ў Будслаў, што сведчыць аб добрым душпастырстве моладзі.
Сам ксёндз Уладзімір Гуляй ужо пракаментаваў сваё прызначэнне:
«Перадусім, словы, напоўненыя ўдзячнасцю Богу за яго бязмерную любоў, якую аказвае кожнаму з нас... Дзякую за дар паклікання, за новае заданне. Калі Бог дае заданне, Ён дае і сваю ласку, каб гэтае заданне я выканаў добра».