Памёр дэпутат Вярхоўнага савету 13 склікання Марат Афанасьеў
У Жлобіне на 71 годзе жыцця раптоўна памёр выбітны грамадзкі актывіст, дэпутат Вярхоўнага савету 13 склікання, кіраўнік мясцовай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Марат Афанасьеў.
Намеснік старшыні АГП Васіль Палякоў кажа, што гэта надзвычай вялікая страта для грамадзкай супольнасці, беларускай незалежнасці і, канечне, самой партыі:
«Марат Сьцяпанавіч Афанасьеў надзвычай прафэсійны чалавек, прафесіянал з вялікай літары. Ён працяглы час працаваў на Беларускім мэталургічным заводзе, ведаў эканоміку прадпрыемстваў знутры — ягоныя аналітычныя камэнтары у мэдыях стократ пацвярджаюць гэта.
Ён надзвычай адданы быў ідэям дэмакратыі, беларускай незалежнасці, заўсёды выяўляў сябе як чалавек з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй. Цяжка гаварыць, што ён «быў». Я ня ведаю нават, хто і якім чынам яго можа замяніць».
Паводле папярэдніх звестак, Марат Афанасьеў памер 11 снежня раніцай ад сардэчнага прыступу. Пра гэта паведаміла калегам ягоная жонка.
Паводле svaboda.org