«Палітвязня на насілках дастаўлялі на допыт». Чаму рэжым адпраўляе ў турму цяжкахворых людзей?
Як мінімум 40 беларускіх палітвязняў маюць інваліднасць і цяжкія захворванні паводле інфармацыі праваабаронцаў. А з 2021 года ў беларускіх турмах памерлі пяць палітвязняў. У трох з іх былі сур'ёзныя праблемы са здароўем яшчэ да суда. Ці рэгламентуе закон змякчэнне ці змяненне прысуду, сыходзячы са стану здароўя арыштаванага? Пра гэта піша Дар'я Бернштэйн для Deutsche Welle.
Па законе стан здароўя чалавека павінен улічвацца, калі затрыманаму толькі абіраюць меру стрымання. Рашэнне прымае следчы, у большасці выпадкаў пракурор аўтаматычна выдае санкцыю.
Па даных даступнай судовай статыстыкі, калі ў 2010 годзе суды адмянялі ўзяцце пад варту па 10% скаргаў, то ў 2021 годзе гэтая лічба апусцілася да 1,3%. У выніку ў СІЗА адпраўляюць і людзей з інваліднасцю, і цяжарных жанчын, і пажылых людзей, і цяжкахворых — з дыябетам, анкалагічнымі і іншымі захворваннямі.
Палітвязня на насілках дастаўлялі на допыт
Былы начальнік медслужбы Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Васіль Завадскі адзначае, што следчыя часта карыстаюцца станам здароўя абвінавачанага, каб дамагчыся ад яго «патрэбных» паказанняў — «пагражаюць здароўем: ці падпісвай, ці будзе яшчэ горш».
Абвінавачаных па «палітычных» артыкулах практычна ва ўсіх выпадках адпраўляюць пад варту, нягледзячы на стан здароўя. Былы адвакат прыводзіць прыклад з практыкі: «аднаму з кліентаў, якога пераследавалі па палітычных матывах, была патрэбная аперацыя, ён ад болю не мог спаць, а яго змясцілі ў СІЗА, хоць умовы ўтрымання павінны выключаць небяспеку для жыцця і здароўя. Следчы на нашы аргументы адказваў: «Я ж не медык», а медыкі ківалі на следчага, бо гэта ён прыняў рашэнне змясціць чалавека ў ізалятар».
Па словах суразмоўцы, з цяжкасцю ўдалося дамагчыся аперацыі, але пачаліся ўскладненні. «Усе хадайніцтвы змяніць меру стрымання ігнараваліся, — працягвае ён. — Кліента на насілках дастаўлялі на допыт. Чалавек ляжыць на падлозе, яго дапытваюць у такім стане, яшчэ і на відэа здымаюць, але следчы нічога дзіўнага ў гэтым не бачыць, хоць відавочна, гэта бесчалавечнае стаўленне».
Юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Павел Сапелка адзначае, што мінімальныя стандарты загадваюць: калі ў зняволенага выяўлены цяжкі стан і яго далейшае знаходжанне ў такіх умовах будуць пагаршаць здароўе, яго не варта ўтрымліваць за кратамі. У Беларусі ж у дачыненні да палітвязняў сістэмна ўжываюць катаванні, нягледзячы на інваліднасць, цяжкія захворванні. Гэта і прывяло да таго, што пяць палітвязняў памерлі ў няволі.
Суд не высвятляе, ці можа чалавек вытрымаць турэмныя ўмовы
Яшчэ адзін былы адвакат у размове з DW тлумачыць, што судовая сістэма ў Беларусі першапачаткова нацэленая на ізаляцыю асуджанага, а не на яго эфектыўнае выпраўленне. Таму даволі часта раней несудзімы чалавек, які здзейсніў менш цяжкае злачынства, атрымлівае рэальны тэрмін. Таксама суды часта ігнаруюць такія змякчальныя абставіны, як цяжкія захворванні і нават інваліднасць.
У выпадку з палітвязнямі, працягвае суразмоўца, ёсць указ зверху даваць пакаранне. У якасці прыкладу ён прыводзіць справу Мікалая Клімовіча, у якога была II група інваліднасці. Яму далі год пазбаўлення волі за лайк пад карыкатурай з выявай Лукашэнкі. Хоць на судзе абвінавачаны і ягоны адвакат наўпрост казалі, што мужчына не перанясе зняволення паводле стану здароўя. Праз два месяцы ён памёр у калоніі.
«Клімовіча прызналі вінаватым у менш цяжкім злачынстве. Яму маглі прызначыць штраф, папраўчыя работы, арышт або хатнюю хімію, улічваючы яго цяжкі стан здароўя, — кажа былы адвакат. — Але на стадыі судовай вытворчасці няма нормы, якая абавязвае суд высветліць стан здароўя абвінавачанага, каб зразумець, ці можа ён адбываць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі. Гэтае пытанне суд вырашае ў дарадчым пакоі, калі судовае следства скончана».
Ці могуць вызваліць чалавека па медыцынскіх паказаннях?
У тэорыі вызваленне па медыцынскіх паказаннях магчыма, ёсць пералік хвароб, якія падпадаюць пад гэты крытэр (напрыклад, сухоты, анкалогія, дыябет). Збіраецца спецыяльная камісія, якая выносіць заключэнне, тлумачыць Завадскі. Далей рашэнне прымае суд: вызваленне па медпаказаннях — права, а не абавязак суда, гэта значыць, ніякіх гарантый няма, нават калі медыкі прыйшлі да высновы, што ўтрыманне ў турме небяспечна для жыцця. На практыцы такіх зняволеных вызваляюць у выключных выпадках, напрыклад, калі ў чалавека ўжо 4-я стадыя анкалогіі, і яго адпраўляюць дадому ўжо паміраць.
Але нават у такіх выключных умовах не ўсе паспяваюць выйсці на волю. Так, у 2018 годзе ў калоніі памерла былая суддзя Алена Мельнікава, у 2016-м за атрыманне хабару ёй далі 13 гадоў. Жанчыну павінны былі адвезці на лячэнне ў анкадыспансер, але яна не дажыла адзін дзень да вызвалення. У 2017 годзе памёр лекар Віталь Лабковіч, за год да таго яму далі тры гады за хабар. У цяжкім стане мужчыну даставілі ў бальніцу, пакуль медыкі спрабавалі яго выратаваць, было прынята рашэнне аб умоўна-датэрміновым вызваленні, але зняволены памёр у рэанімацыі.
Вярхоўны суд не падае даныя, колькі чалавек было вызвалена па медыцынскіх паказаннях. Сярод палітвязняў пра такія кейсы невядома.