Ягор Марціновіч: За кратамі тваё здароўе нікога не турбуе

Калі сам вязень не паклапоціцца пра тое, каб карнікі звярнулі ўвагу на яго стан здароўя, з турмы можна «выбыць» трупам.

naruchnik_tyurma_reshetka_amnistiya_900x600.46100879.jpg

— Я зараз не пра Навальнага ці Латыпава, гэта зусім розныя гісторыі, — піша Ягор Марціновіч у сваім фэйсбуку.  — Калі цябе забіваюць «Навічком» ці яшчэ чым, не ўратуе ніхто. Я проста пра сам прынцып захавання здароўя за кратамі.

Галоўнае, што ў турэмных абставінах ад цябе часта не залежыць нічога, застаецца разлічваць толькі на нейкую побытавую гуманнасць работнікаў, на якую ты ўплываць не можаш. І быць гатовым дзяўбсці, дзяўбсці, дзяўбсці, каб нагадваць пра сябе і сваю праблему. Бо ім прасцей адмахнуцца ад цябе з простай логікай: калі не скардзішся, значыць, нічога страшнага з табой не адбываецца. Яшчэ і шмат хто з суседзяў глядзіць з асуджэннем: чаго плачашся, цярпі, ты ж мужык.


Глядзіце таксама

На свабодзе ты можаш выклікаць «хуткую», сам пайсці ў аптэку ці хаця б адправіць сяброў па лекі. А там не можаш амаль нічога. Лезеш на сценку ад зубнога болю — ну і што? Прыём праз тыдзень, а пакуль пацярпі, братка.

«Абязболаў» на руках цяпер няма. Калі хто хавае ў сябе, то пад страхам ШІЗА, таму наўрад ці будзе дзяліцца. На людзей накатвае адчай ад разумення, што можна скончыць жыццё — якое-ніякое, а для самога чалавека самае каштоўнае на свеце — проста ў камеры.


Глядзіце таксама

Чалавек круціцца на падлозе ад язвы ў жываце. Ладна, усё ж выклікалі хуткую дапамогу, хоць ніхто не хоча вазіцца з канвоем і іншай бюракратыяй. Дый «хуткая» ж таксама не ў захапленні ад таго, што трэба ехаць у турму. Калі б не прымусіў выклікаць, мог бы і памерці там. І каму пасля што дакажаш? У большасці сітуацый ратуе толькі тое, што адміністрацыі нявыгадная смерць вязня, бо будзе пасля шмат праверак.

Пры мне памёр у калоніі адзін чалавек. Ну, як пры мне — у суседнім пакоі. Сеў чысціць бульбу, раптам заваліўся на бок. Сэрца. Прыехалі з медчасткі з інвалідным вазком, закінулі на яго труп, накрылі зверху курткай, каб вочы не бачыць. Казалі, што ў медчастцы яшчэ пульс вярнуўся, думалі, што адкачаюць. Але не, не атрымалася. Застаўся пазнакай «выбыў» у справаздачы. Не дачакаўся 13 дзён да свайго вызвалення.