Палітвязень Жамчужны ў Горацкай калоніі адбыў паўтара года ў ізалятары
Андрэй Бандарэнка лічыць, што Міхаіл Жамчужны — ахвяра правакацыі беларускай пенітэнцыярнай сістэмы, якая адпрацоўвалася ў Горацкай калоніі на палітвязнях Зміцеры Дашкевічы і Аляксеі Мілюкове, паведамляе «Свабода».
Міхаіл Жамчужны, які два апошнія гады адбывае пакаранне ў Горацкай калоніі, адмаўляецца ісці ў атрад, за што яго нязменна караюць пераводам у ізалятар ці памяшканне камернага тыпу (ПКТ).
Жамчужны, паводле ягонага адваката, падаў ужо больш за 50 скаргаў на пакаранні ў Горацкай папраўчай калоніі № 9. Усе яны не былі задаволеныя.
17 чэрвеня Магілёўскі абласны суд пакінуў без задавальнення чарговую скаргу Міхаіла Жамчужнага на спагнанне з Горацкай калоніі. Нагодай для яе стаў чарговы перавод Жамчужнага ў памяшканне камернага тыпу на 2 месяцы.
Так Жамчужнага пакаралі за адмову падпарадкоўвацца загаду пра пераход у атрад для пражывання з іншымі асуджанымі (атрад у калоніі — гэта група зняволеных, якая пражывае ў адным памяшканні пад кіраўніцтвам аднаго турэмнага начальніка).
Агулам Міхаіл Жамчужны за два гады адбыцця пакарання ў Горках больш за 50 разоў абскарджваў у судах спагнанні адміністрацыі, кажа ягоны адвакат Вадзім Мушынскі.
Паводле праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі, Міхаіл Жамчужны адбыў у штрафным ізалятары і памяшканні крытага тыпу паўтара года з двух, якія ён знаходзіцца ў Горацкай калоніі.
Чаму вязень Жамчужны не хоча ў атрад?
Жамчужны аргументуе непадпарадкаванне адміністрацыі жаданнем папярэдзіць пагрозу асабістай бяспекі, а таксама замаху на чалавечыя гонар і годнасць. Ён настойвае, што пагроза зыходзіць ад іншых асуджаных, і патрабуе, каб у калоніі яму знайшлі бяспечнае месца для адбыцця пакарання. Ягоныя звароты застаюцца без задавальнення.
Міхаіла Жамчужнага караюць штрафным ізалятарам ці адпраўляюць у памяшканні камернага тыпу ад 2017 года. Тады ў яго адбыўся канфлікт з іншымі асуджанымі, які прывёў да таго, што яму пачалі пагражаць фізічнай расправай. Каб папярэдзіць канфлікт, адміністрацыя перыядычна пераводзіла Жамчужнага з аднаго атраду ў другі, аднак гэта не дапамагло.
Факт канфлікту прызнаў Горацкі суд, які палічыў, аднак, што асуджаны «пераацэньвае» значэнне сваіх довадаў наконт канфлікту.
Паводле адваката Вадзіма Мушынскага, Жамчужны бачыць выйсце з сітуацыі ў сваёй ізаляцыі. Адміністрацыя калоніі рэгулярна ізалюе яго, накладаючы спагнанні. Такая форма «ратавання» асуджанага мае негатыўныя наступствы.
Жамчужны ў калоніі стаіць на ўліку як злосны парушальнік рэжыму. Гэты статус не дае яму разлічваць на ўмоўна-датэрміновае вызваленне ці амністыю. Як злосны парушальнік ён пазбаўлены спатканняў з роднымі. За пяць гадоў няволі Жамчужны бачыўся толькі з адвакатам.
Вадзім Мушынскі адзначае: калі адміністрацыя калоніі задаволіць звароты Жамчужнага і змесціць яго ў бяспечнае месца, то гэтым самым прызнае факт рэальнай пагрозы яму. Паводле яго, сам Жамчужны не пойдзе ў атрад і лічыць, што сітуацыя, у якой ён апынуўся, створана штучна, каб ускладніць яму жыццё.
На ўмовы адбыцця пакарання ў штрафным ізалятары Жамчужны не скардзіцца, кажа адвакат. На сустрэчы з ім вязня водзяць так, каб ён не перасякаўся з іншымі асуджанымі.
Хто такі Жамчужны
Міхаілу Жамчужнаму 62 гады. Выкладаў у Віцебскім тэхналагічным універсітэце. Кіраваў даследчай лабараторыяй, якая працавала над атрыманнем вадароду для выкарыстання ў прамысловасці.
У 2008 годзе быў асуджаны за эканамічныя злоўжыванні на 4 гады. Вырак абскарджваў, але марна.
У 2012 годзе па вызваленні заняўся праваабарончай дзейнасцю, стаў адным заснавальнікаў праваабарончай арганізацыі «Плятформа інавэйшн».
У 2015 годзе асуджаны Віцебскім абласным судом: быў прызнаны вінаватым у падбухторванні да наўмыснага выдавання звестак, якія складаюць службовую тайну, у незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, і ў даванні хабару.
Быў асуджаны на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Судовая калегія крымінальных спраў Вярхоўнага суду прызначыла яму 6,5 года пазбаўлення волі.
Справу разглядалі суды ў закрытым рэжыме. Сваёй віны не прызнаў.
Адбываў пакаранне ў калоніях ў Навасядах і Івацэвічах. Апошнія два гады знаходзіцца ў Горацкай папраўчай калоніі № 19.
Праваабаронцамі прызнаны палітвязнем. Яны дамагаюцца, каб прысуд быў адменены і каб справу перагледзелі ў адкрытым судовым паседжанні.
На свабоду мае выйсці ў лютым 2021 году.
Бандарэнка рыхтуе скаргу ў ААН
Дырэктар праваабарончай арганізацыі «Платформа» Андрэй Бандарэнка сказаў “Свабодзе”, што рыхтуе скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН ад імя Жамчужнага. У ёй зверне ўвагу на:
· жорсткае абыходжанне, якое зневажае чалавечую годнасць;
· адсутнасць справядлівага судовага разбору, у тым ліку немагчымасць прысутнасці асуджанага на судах, каб адстойваць сваю пазыцыю;
· пагрозу жыццю і здароўю асуджанага.Андрэй Бандарэнка лічыць, што Міхаіл Жамчужны — ахвяра правакацыі.
Андрэй Бандарэнка лічыць, што Міхаіл Жамчужны — ахвяра правакацыі беларускай пенітэнцыярнай сістэмы, якая адпрацоўвалася ў Горацкай калоніі на палітвязнях Зміцеры Дашкевічы і Аляксеі Мілюкове. «Гэта так званыя гульбішчы з крымінальнымі традыцыямі», — кажа праваабаронца.
«Чуткі праз давераных асоб адміністрацыі папраўчай калоніі пра нізкі статус асуджанага распаўсюджваецца сярод іншых асуджаных, і ў сілу таго, што ў месцах пазбаўлення волі сталыя крымінальныя традыцыі, то асуджаныя вымушаныя іх выконваць. Палітвязень трапляе ў так званую нізкую касту, і ў яго ўзнікае шэраг абмежаванняў, якія не дазваляюць яму жыць у няволі», — адзначае былы палітвязень Андрэй Бандарэнка.