Пайшла з жыцця Вольга Караткевіч

29 ліпеня пасля цяжкой хваробы пайшла з жыцця Вольга Караткевіч – радыёжурналістка, зорка «Радыё 101.2» і «Радыё Свабода», сябра ГА «БАЖ» з 1997 года. 8 ліпеня ёй споўнілася б 43 гады.    

karatkevich1.jpg


Развітанне з Вольгай адбудзецца 30 чэрвеня ў 10-м шпіталі на вул. Убарэвіча, 73 у Мінску. Пахаваюць яе а 13-й гадзіне ў Пятровічах, непадалёк ад Мінска, побач з бацькам.  
Вольга скончыла філалагічны факультэт БДУ, з 1994 года працавала ў тэлекампаніі “Фіт” (праграма “Эканамікст”). У 1995-м прыйшла на “Радыё 101,2”, дзе вяла праграму “Бізнес-актуаліі”. Пасля закрыцця радыё супрацоўнічала з Беларускай рэдакцыяй Польскага Радыё, газетай «Наша Ніва», каардынавала аддзяленне журналістыкі ў «Беларускім Калегіюме», пазней працавала ў Беларускай службе “Радыё Свабода” ў Празе. У апошнія гады Вольга адышла ад журналістыкі, але падтрымлівала кантакты з калегамі.  
“У адрозьненьне ад Купалы, Бацькаўшчыну атрымала не бяз злосьці. Усьвядоміла сябе беларускай дзякуючы Зянону Пазьняку”, — пісала Вольга ў сваім кароткім CV на сайце "Свабоды".
Яна была яркай і моцнай асобай з цвёрдымі перакананнямі. Не цярпела шэрасці ў любых яе праявах і не баялася ісці супраць плыні, калі адчувала такую патрэбу. Неабыякавасць была адной з яе вызначальных рысаў і, магчыма, паспрыяла яе заўчаснаму сыходу. Светлая памяць.   
"Новы час" выказывае шчырыя спачуванні родным і блізкім Вольгі Караткевіч.
Паводле baj.by