Пагроза незалежнасці
На афіцыйны Дзень незалежнасці 3 ліпеня мы дэманструем усяму свету сваю моц і «ненахіляльнасць», але галоўная праблема незалежнасці — у нас у галовах.
Адкуль увогуле сыходзіць уяўленне пра пагрозу беларускай незалежнасці? Шмат хто кажа, што гэта, найперш, вонкавыя выклікі. Прынамсі, уладная прапаганда нас завярае, што нам патрэбныя «адэкватныя адказы пашырэнню NАТO на Усход», і таму мы штогод бразгаем зброяй на афіцыйных парадах. Каб паказаць гэтаму агрэсіўнаму Захаду, што браня моцная, а танкі хуткія.
Не менш актыўна з боку нацыянальна арыентаванай апазіцыі нас упэўніваюць, што пагроза, наадварот, сыходзіць з «імперскай алігархічнай Расіі». Маўляў, мы ў поўнай залежнасці ад расійскага капіталу, а таму і дазваляем будаваць тут вайсковую часціну гэтай залежнасці, напрыклад, ствараць расійскія авіяцыйныя базы. Дый нашая пазіцыя на міжнароднай арэне — гэта падтрымка Расіі за ейныя грошы.
Між тым, беларусы ўпэўнена хочуць жыць у сваёй дзяржаве. Паводле вынікаў чэрвеньскага апытання Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД, Літва), калі б адбываўся б рэферэндум аб аб’яднанні Беларусі і Расіі, за такі варыянт прагаласавала б 24,8%, супраць — 54,8% рэспандэнтаў.
А калі б давялося абіраць паміж уступленнем у ЕС альбо ў Расію, за Расію прагаласавала б менш паловы насельніцтва — 46,9%, а за Еўрасаюз — 33,1%. То бок, насамрэч, народу не трэба ані ЕС з ягонай «звышталерантнасцю», ані Расія з яе імперскімі замашкамі. Варта зазначыць, што каля 20% беларусаў у вызначаных пытаннях увогуле не маюць нейкага меркавання.
Такім чынам, беларуская незалежнасць і самастойнасць усё ж сталі каштоўнасцю для большай часткі насельніцтва краіны. Дарэчы, і «знешніх ворагаў» беларусы не бачаць. На пытанне «Ці ёсць у нашага народа, у нашай краіны ворагі?», толькі 12,8% адказалі, што «наша краіна акружана ворагамі з усіх бакоў», а амаль 30% лічаць, што «самыя небяспечныя нашы ворагі — схаваныя, унутраныя».
Мы спадзяемся на сяброўства з усімі, як баланс. Калі Расія раптам захоча «праглынуць» Беларусь, то ёй не дасць гэта зрабіць Захад. Калі ж агрэсарам выступіць «пачварнае NАТO», то ў нас ёсць АДКБ і Саюзная дзяржава. І на гэтых геапалітычных арэлях балансуе маленькі, у параўнанні з суседнімі «монстрамі», «крыштальны сасуд».
Але разумныя людзі павінны вучыцца на памылках іншых. І вось, гледзячы на поўдзень, мы атрымліваем — з незалежнасцю ў нас не ўсё ў парадку, як гэта было ва Украіне.
Што дало падставы спадару Пуціну распачаць вайсковую аперацыю супраць нашай суседкі і захапіць Крым? Тэза пра тое, што там «рускамоўных прыгнятаюць» і ледзьве не расстрэльваюць баевікі-нацысты з «Правага сектару». Пасля ўкраінскіх падзеяў у інтэрнэце нават з’явіліся малюнкі: «Цішэй размаўляйце па-руску, а тое Пуцін дашле танкі вас абараняць». Між тым, пераважная колькасць беларусаў працягвае размаўляць расійскаю моваю, і няшмат хто карыстаецца беларускай. Таму Расія разглядае «сінявокую» як сваю «вотчыну» і, адпаведна, можа пайсці і на тое, каб «абараніць рускамоўных», якія аб сваёй абароне яе і не прасілі.
Так што моўны чыннік — гэта, як паказалі ўкраінскія падзеі, адзін з галоўных чыннікаў незалежнасці і суверэнітэту. Тое, што беларусы не карыстаюцца сваёй мовай — не «вонкавая пагроза незалежнасці», а выключна ўнутраная.
Чаму Расія лёгка захапіла Крым, стварыла «ачагі напружанасці» ў Данецку і Луганску, але не здолела «расхістаць сітуацыю» ані ў Харкаве, ані ў Адэсе, ані ў іншых рэгіёнах краіны?
Насуперак распаўсюджанаму меркаванню, што «Данбас корміць усю Украіну», Данецк і Луганск — самыя занядбаныя ўкраінскія тэрыторыі. Доля Данецкай вобласці ў ВУП Украіны ў 2010 годзе склала 12%, а агульная сума атрыманых гэтым рэгіёнам субсідый, бягучых і капітальных трансфертаў склала ў 2010 годзе — 21%, а ў 2011 годзе — 27% ад агульнадзяржаўнай сумы. Аналагічная сітуацыя ў Луганскай вобласці — пры долі ў ВУП Украіны ў памеры 4%, выдаткі па вобласці склалі 8% (2010) і 11% (2011).
А гэта значыць, што ў «праблемных» рэгіёнах у людзей не было працоўных месцаў, не было магчымасці сабе зарабіць. І таму спадзяванкі былі на тых, «хто больш заплаціць». А вось у Днепрапятроўскай вобласці «руская вясна» скончылася, не паспеўшы пачацца. Таму што там сітуацыя іншая — пры долі рэгіёна ў ВУП Украіны ў 11% вобласць атрымала толькі 2% субсідыяў і трансфертаў у 2010 годзе і 3,8% — у 2011-м.
Чым лепш людзі жывуць, чым больш у іх магчымасцяў зарабіць, тым больш моцная дзяржава. Моцная эканоміка — гэта адна з найгрунтоўнейшых падставаў незалежнасці. І менавіта з гэтым «выклікам незалежнасці» ў Беларусі існуюць праблемы. Зноў-такі, гэтая пагроза не вонкавая, а чыста ўнутраная.
На што «купіўся» Крым? На тое, што іхнія пенсіі, дапамогі і заробкі паабяцалі прыраўняць да расійскіх. Зараз у нас каля мільёну беларусаў стала ці часова працуюць у Расіі, бо там вышэйшыя заробкі. І ад гэтага складаецца ўражанне, што ў Расіі — лепей. А калі лепей, чаму б да яе не прыяднацца, бо незалежнасць у кішэні не памацаеш. Вось пагроза незалежнасці і намалявалася…
Так што збольшага пагрозы беларускай незалежнасці — гэта нашыя эканамічныя, сацыяльныя і культурныя праблемы. Выключна нашыя, а не нейкіх «патаемных ворагаў» з Захаду ці Усходу. Парадамі гэтыя праблемы не вырашыш, а значыць — трэба згортваць гэтыя парады і пусціць грошы на што-небудзь больш карыснае.