Алег Трусаў: Чаму Лукашэнка загаварыў па-беларуску
Для таго, каб Лукашэнку ўчора выступіць па-беларуску, нам трэба было пражыць у незалежнай краіне 20 гадоў. За гэты час і сам прэзідэнт прыйшоў да таго, што без беларускай мовы няма беларускай нацыі, аб чым ён заявіў пару месяцаў таму ў пасланні беларускаму народу. А сказаўшы «А», трэба казаць і «Б», таму цалкам зразумела, чаму ўчора ён прамаўляў па-беларуску.
Дарэчы, і да гэтага моманту ён часамі размаўляў на мове. Напрыклад, калі чарговы раз прымаў прысягу пасля выбараў. Быў яшчэ момант, калі ён цудоўна гаварыў па-беларуску з беларускамоўным
кітайскім карэспандэнтам.
Па-гэтаму не правы той, хто кажа, што Лукашэнка ніколі не выступаў на роднай мове.
Больш таго, яму па-руску цяжка размаўляць, калі тэкст не напісаны на паперцы! Колькі разоў ён у Расіі казаў, напрыклад, такое слова як «гвалт». У яго вельмі моцны беларускі
акцэнт і наш, магілёўскі, дыялект. Дзякуючы гэтаму акцэнту, літраратурна ўчорашні яго выступ аказаўся нядрэнным.
Яго выступ – гэта лагічны працяг паслання беларускаму народу і парламенту - толькі на мове.
Па-першае, гэта звязана з 20-годдзем нашай незалежнасці.
Па-другое, з тым, што ў Мінску людзі зараз значна лепей ставяцца да мовы. Беларуская мова нават шырока прадстаўлена ў візуальным афармленіі сталіцы да 3 ліпеня. Сёння я ехаў па горадзе і мне
было прыемна бачыць усе гэтыя банэры.
І трэці фактар – гэта ўкраінскія падзеі: вельмі моцная лакмусавая паперка. Ва Украіне зараз з'явіліся мільёны рускамоўных жыхароў (не рускіх, а менавіта рускамоўных) і пашырыўся
так званы «рускі мір». А сітуацыя, як у Данецку, можа адбыцца і ў якім-небудзь Віцебску ці Магілёве, таму трэба зрабіць усё, каб гэта хваля не дайшла да нашай краіны. І гэта Лукашэнка
разумее як палітык.
Гэта разумеюць і нашыя людзі. Я сёння на прыпынку бачыў, як два мужчыны ва ўзросце радаваліся, што ўкраінскія вайскоўцы вызвалілі нейкія вёскі. Ды й абураліся, што мала далі салдаты тым
сепаратыстам! І гэта кажуць простыя людзі, якія інтуітыўна ўспрымаюць, што заўтра такое можа адбыцца і ў Беларусі.
Аднак нашы з вамі суайчыннікі ваююць ва Украіне і на баку арміі, і на баку сепаратыстаў. А калі беларус страляе ў беларуса на Данеччыне, гэта ўжо элемент грамадзянскай вайны, які можа перайсці і
на нашу тэрыторыю. Дзе гарантыя, што ён не вернецца, і не заб'е каго-небудь у Магілёве?..
А краіна наша амаль упершыню за 500 год Беларусь роўна 70 гадоў жыве без вайны. Такая сітуацыя была толькі ў 15 стагоддзі, пасля таго, як мы разбілі крыжакоў пад Грундвальдам. Пасля гэтага новыя
войны канца XV стагоддзя пачалі прыходзіць да нас не з Захаду, а з Усходу.
І зараз зноў для нас усходні вектар больш небяспечны, чым заходні.
У гісторыі ўсе паўтараецца, таму я магу толькі вітаць выступы кіраўніка дзяржавы па-беларуску. Дзякуючы гэтаму, ў нас ёсць усе шансы не ўцягнуцца ў паласу нестабільнасці, якая зараз ахапіла
Украіну.
Упэўнены, што выступы Лукашэнкі па-беларуску працягнуцца.
Думаю, што ў іх знойдзецца месца і нашым нацынальным героям. Калі Сапега ў яго выступах фігураваў часта, то я думаю, у 500-годдзе бітвы пад Воршай кіраўнік дзяржавы ўзгадае і Канстанціна
Астрожскага. Пасля Украіны ніхто з улады не будзе ўжо аблайваць перамогу над Масквой пад Воршай.
Думаю, што пасля ўчорашняга выступу Лукашэнкі ва ўладных колах таксама пашырыцца беларуская мова.
Яе і так выдатна ведае як мінімум палова чальцоў Саўміна. Са мной на мове з іх шмат хто размаўляў, але самы дасведчаны – гэта Уладзімір Макей. Я яго магу параўнаць нават з Парашэнкам.
Макей – найбольш культурны з нашых чыноўнікаў і вялікі беларускі патрыёт.
Алег Трусаў, news.tut.by