Па справе TUT.by вядома пра затрыманне 13 чалавек: што адбываецца

Пасля распачатай учора атакі сілавікоў на партал TUT.BY і звязаныя з ім кампаніі на дадзены момант вядома пра затрыманне як мінімум 13 чалавек. Пра некаторых інфармацыя з'явілася толькі сёння — праз суткі пасля пачатку справы.

screenshot_7_6.jpg


Як паведамляе TUT.BY. затрыманы не менш за 11 супрацоўнікаў партала, піша REFORM.by.

Не па ўсіх ёсць даныя пра месцазнаходжанне:

  • генеральная дырэктарка Людміла Чэкіна (падазраваная)
  • галоўная рэдактарка Марына Золатава (як мяркуецца, на Акрэсціна і з'яўляецца падазраванай, учора да яе не пусцілі адваката)
  • галоўная бухгалтарка Анжэла Асад (падазраваная)
  • рэдактарка Вольга Лойка (знаходзіцца на Акрэсціна)
  • журналістка Алена Талкачова (знаходзіцца на Акрэсціна)
  • намесніца галоўнага бухгалтара Марыя Новік
  • намесніца генеральнага дырэктара па тэхнічных пытаннях Аляксандр Дайнэка
  • намесніца дырэктара Ірына Рыбалка
  • галоўная інжынер Ала Лапатка
  • юрыстка Кацярына Ткачэнка
  • менеджар Андрэй Аўдзееў.

Таксама вядома, што затрыманыя дырэктары звязаных з TUT.by кампаній:

  • дырэктарка «RocketData» Дар'я Данілава (яна таксама кіравала адным з праектаў TUT.by)
  • дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў.

Яшчэ шэраг супрацоўнікаў былі дапытаныя, але пасля гэтага іх адпусцілі пад падпіскі аб неразгалошванні. Так, быў вызвалены намеснік галоўнага рэдактара Максім Гайко.

Таксама падпіскі бралі ў тых супрацоўнікаў, хто знаходзіўся ў офісе падчас ператрусу (іх адпусцілі толькі позна ўвечары). Акрамя таго, цэлы дзень сілавікі ўтрымлівалі некалькіх журналістаў розных выданняў, якія прыйшлі да рэдакцыі. Да ночы большасць адпусцілі, але Арцёма Маёрава («Беларусы і рынак») адправілі на Акрэсціна.

Дагэтуль няма інфармацыі пра месцазнаходжанне Юліі Чарняўскай, удавы заснавальніка TUT.by Юрыя Зісера і сузаснавальніцы Hoster.by. учора да яе прыйшлі сілавікі, пасля гэтага яна трапіла ў бальніцу з гіпертанічным крызам, знаходзілася там пад наглядам аператыўнікаў. Увечары яе выпісалі з лякарні, але дома Чарняўская так і не апынулася.

Па выніках ператрусаў дзяржСМІ сёння паведамілі, што ў некалькіх кіраўнікоў партала нібыта канфіскаваныя сотні тысяч долараў.

Сёння, 19 траўня, офіс рэдакцыі TUT.BY у «Omega Tower» на скрыжаванні Дзяржынскага-Уманскай па-ранейшаму закрыты. Доступ туды забаронены па распараджэнні следчых органаў. Што адбываецца і адбывалася ўчора ўнутры, невядома. Шкляныя дзверы рэдакцыі былі зафарбаваныя знутры чорнай фарбай з балончыка, каб закрыць агляд звонку. Відэа з камер, размешчаных у офісах TUT.BY на 8-м і 9-м паверсе, не бачныя на маніторах аховы. Цяпер, паводле інфармацыі партала, сілавікоў у офісе няма.

187485102_4118030861595528_7032672418962183521_n.jpg


Сайт TUT.BY па-ранейшаму заблакаваны — ён, відавочна, цалкам адключаны, бо зайсці на яго немагчыма нават з-за мяжы і праз VPN. Люстэркі партала заблакаваныя ў Беларусі. Адзін з сайтаў-люстэркаў, tutby.news яшчэ ўначы функцыянаваў і адкрываўся праз VPN, але не абнаўляўся: верагодна, у рэдакцыі няма доступу да яго адміністравання. Сёння перастаў працаваць і ён. Пры спробе ўваходу карыстальнік з Беларусі бачыць заглушку Мінінфарма, а з-за мяжы — паведамленне аб адключаным серверы.

Тым не менш рэдакцыя партала працягвае працу, наколькі гэта магчыма ва ўмовах арыштаў, канфіскацыі тэхнікі, адключэння сайта, закрытага офіса і, верагодна, блакавання рахункаў. Самыя важныя навіны публікуюцца ў тэлеграм-канале TUT.BY Facebook, Instagram, і на старонках партала ў сацсетках Facebook, Instagram, VK.com і «Аднакласнікі». На тэлеграм-канал TUT.BY за суткі падпісаліся больш за 65 тысяч чалавек.

Нагадаем, раніцай 18 траўня супрацоўнікі ДФР КДК прыйшлі ў офіс, рэгіянальныя рэдакцыі і дадому да некаторых супрацоўнікаў TUT.BY. У дачыненні да службовых асоб партала ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 2 арт. 243 КК аб ухіленні ад выплаты падаткаў у буйным памеры. У ДФР лічаць, што партал неправамерна скарыстаўся льготамі ПВТ і нанёс шкоду бюджэту (той жа раніцай перад узбуджэннем справы ПВТ прыняў рашэнне аб страце ТАА «ТУТ БАЙ медыя» права на падатковыя льготы). Мінінфарм заблакаваў доступ да партала.

Таксама сілавікі прыйшлі ў офісы рэсурсаў AV.by і Rabota.by, афіляваных з TUT.BY, там прайшлі ператрусы, але затрыманняў не было, дырэктар AV.by быў дапытаны і знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні.