Бывае, праўда вочы коле…
Свой дзень я звычайна пачынала з таго, што адкрывала TUT.BY. Як і некалькі мільёнаў беларусаў. Мы заходзілі на партал, каб прачытаць праўдзівыя навіны пра тое, што адбываецца ў краіне ад прафесіяналаў журналістыкі. Раніцай 18 траўня мы даведаліся, што ў рэдакцыі і рэдактараў вобшук, а неўзабаве — і пра тое, што партал заблакаваны.
Што ж, бывае, як пісаў Кандрат Крапіва, праўда вочы коле… Зуб на TUT.BY вастрыўся даўно і метадычна. На партал ціснулі і выкручвалі рукі. Журналістаў і рэдактараў запалохвалі і адпраўлялі на нары. А яны ўпіраліся, не ламаліся і сумленна рабілі сваю працу. Але праўда, сумленне, гонар і прафесіяналізм цяпер не патрэбныя. І таму сёння пачаўся чарговы віток ціску на незалежныя медыя. Бо праўдзівая інфармацыя — гэта зброя супраць хлусні, глыток паветра ў задушлівай каморы.
Як напісаў Пётр Кузняцоў, заснавальнік «Моцных навін», які сам разам з журналістамі не так даўно прайшоў праз рэпрэсіі: «Інфармацыя — гэта тое, што зрабіла магчымым лета-восень 2020 года. Яшчэ задоўга да з’яўлення новых палітычных лідараў і іх кампаній, беларускі народ бурліў і абураўся, бо бачыў паводзіны ўладаў у перыяд першага этапу пандэміі. На працягу многіх гадоў усведамленне таго, у якой краіне і пры якім рэжыме мы жывем, назапашвалася ў беларусах па кроплі, каронавірус жа стаў тым самым момантам, які прымусіў усіх пераасэнсаваць тое, што адбываецца, раскласці ў галовах па палічках і прыйсці да выразнай высновы: так жыць далей нельга. І ўсё гэта было б немагчыма без доступу да праўдзівай інфармацыі, што забяспечылі нашым людзям незалежныя СМІ, стаўшы альтэрнатывай дзяржпрапагандзе, дзе заўсёды “ўсё добра”.
Улады, падобна, разумеюць усё гэта не горш за нас з вамі, таму змагаюцца са СМІ літаральна з усіх сіл. Па звычцы і па старых метадычках, яны не пакідаюць спробаў утаймаваць інфармацыйны паток па-старому, гэта значыць, “захапіць тэлеграф”. Але сёння грамадскае меркаванне фарміруецца самім інфармацыйным асяроддзем, паколькі голас, літаральна, ёсць ва ўсіх. Таму змагацца, на самай справе, даводзіцца не з канкрэтнымі медыя і аўтарамі, а са з’явай — з інфармацыйнай эпохай.
Ці можна перамагчы ў гэтай барацьбе? Разумным людзям відавочна, што такімі метадамі — не. Відавочна і іншае: паслядоўны рух у кірунку “ўсіх прыдушыць” можа прывесці толькі да таго, што ў інфармацыйным полі Беларусі з’явяцца раскрытыя пустэчы. У гэтым сэнсе гібель існуючага незалежнага медыясектару будзе азначаць удар не толькі і не столькі па дэмакратычна думаючай частцы грамадства, колькі па Беларусі як цывілізаванай краіне як такой. Вядома, у цяперашніх умовах гэта гучыць дзіўна: “Беларусь — цывілізаваная краіна”. Аднак большасць беларусаў застаюцца цывілізаванымі людзьмі нават у нецывілізаванай дзяржаве, і прафесійныя СМІ, якія паказваюць стан спраў такім, які ён ёсць, з усіх бакоў і без прыкрасаў, проста неабходныя ім для таго, каб цывілізаванымі ж і заставацца: прымаць свае рашэнні і вызначаць лінію сваіх паводзінаў, зыходзячы з усіх існых фактараў.
Сёння падобна на тое, што ва ўладзе разуменне ўсяго гэтага адсутнічае, і яны гатовыя круціць гайкі да канца. І робяць велізарную памылку. Праблема і ёсць, і будзе ў тым, што паўсталі беларусы ў 2020-м пад уплывам інфармацыі ў цэлым як з’явы. А вось культурнымі і цывілізаванымі яны засталіся ўжо толькі таму, што менавіта прафесійныя і добрасумленныя СМІ і журналісты не дапусцілі аднабокага і істэрычнага перафарматавання павесткі ў тым стылі, які цяпер дэманструе дзяржпрапаганда.
Калі розуму мала, а сілы і ўпартасці шмат, да добрага гэта прыводзіць рэдка. Прыкладваючы ўсе намаганні да закручвання гаек, сарваць разьбу можна значна хутчэй, чым самому хацелася б».
Ці ёсць яшчэ каму наверсе ўсвядоміць сказанае Кузняцовым? Хочацца спадзявацца, што ёсць. Але, хутчэй за ўсё, ціск на медыя працягнецца. І заўтра ранкам могуць прыйсці з ператрусам да любога з незалежных журналістаў, па прыдуманым абвінавачанні заблакаваць любы рэсурс, а журналістаў адправіць за краты. Амаль два дзясяткі журналістаў ужо за кратамі толькі за тое, што казалі людзям праўду. А праўда гэта вочы коле. І яе спрабуюць знішчыць замест таго, каб заўважыць «лыч у брудзе».
P.S.: Сёння мы ўсе — TUT.BY. Трымайцеся, калегі! Праўду забіць немагчыма.