Нясвіжскую актывістку БХД аштрафавалі на 20 базавых
Нясвіжскі суд 19 траўня аштрафаў актывістку аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя" Наталлю Бордак на 20 базавых велічынь (3 млн рублёў) за плакат "Не пуцінскай вайне з Украінай!".
Наталля Бордак. Фота bchd.info
"Адбіваліся, змагаліся да апошняга, але вынік быў загадзя запланаваны", — адзначыла Бордак.
Па словах Наталлі, судовы працэс праходзіў без сведкаў, без доказаў яе віны. Суддзя таксама не ўзяла да ўвагі затрыманне і незаконнае змяшчэнне Наталлі Бордак у пастарунак, нягледзячы на тое, што ў яе на ўтрыманні знаходзіцца няпоўнагадовы сын, якога яна выхоўвае адна. Наяўнасць няпоўнагадовага сына таксама не паўплывала і на суму штрафу.
Наталля Бордак збіраецца абскарджваць прысуд і ўжо падала з адвакатам адпаведнае хадайніцтва.
Нагадаем, Наталля Бордак была затрыманая 9 траўня і ўсе выходныя правяла ў міліцыі. 12 траўня у Нясвіжскім судзе распачаўся разгляд справы актывісткі, які
быў перанесены да 19 траўня ў сувязі з тым, што яна запатрабавала адваката.
Прэсавая служба БХД