Невядомы лёс 66-гадовай экс-выкладчыцы ўніверсітэта, якую жорстка затрымаў АМАП у Гомелі

Прайшло трое сутак з моманту затрымання экс-выкладчыцы БелДУТа Валерыі Дзяцук, але ў суд яе так і не прывезлі. Цэлы дзень у судзе яе чакалі сын і валанцёры, піша «Свабода». У канцылярыі сказалі, што справа сёння не разглядалася. У Цэнтральным РАУСе сыну сказалі, што маці далі 15 сутак.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Але ў судзе Цэнтральнага раёну гэтую інфармацыю зняпраўдзілі.
Кандыдата хімічных навук Валерыю Дзяцук затрымалі ранкам 6 сакавіка ва ўласнай кватэры. Да восені яна выкладала ў БелДУТ, звесткі пра яе прыбралі з сайта ўніверсітэта пасля навіны пра затрыманне.
«Ранкам 6 сакавіка ў кватэру пазванілі. Дзверы адчыніў тата — і ў хату ўварваліся пяць чалавек. Закрычалі: „Усім ляжаць, працуе АМАП!“ Маці, тату і мяне збілі з ног, паклалі тварам у падлогу. Нічога не тлумачылі абсалютна, сказалі толькі: „Мы яе забіраем“. Маму ўдарылі ў твар — мне падалося, яна адразу страціла прытомнасць. Яна была яшчэ ў начной бялізне, ёй нават не давалі адзецца — маўляў, толькі пры нас, а то нож схавае пад вопратку. Калі выводзілі, яна плакала», — распавядаў Сяргей, сын затрыманай.
Сын гаворыць, як чуў, што ў дачыненні да маці могуць пачаць крымінальную справу паводле арт. 130 «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці» і перавесці ў СІЗА.

9 сакавіка МУС выказалася пра затрыманне былой выкладчыцы БелДУТа

На відэа міністэрства прадэманстравана, як супрацоўнікі міліцыі прыйшлі дахаты да Валерыі Дзяцук.
«28 лютага каля вёскі Асаўцы Гомельскага раёна некалькі жанчын арганізавалі несанкцыянаваны пікет. Для стварэння бачнасці масавага флэшмобу ўдзельніцы зрабілі з розных ракурсаў некалькі пастановачных фота з бчб-атрыбутыкай», — піша ведамства.
Паводле версіі міліцыі, здымкі планавалася размясціць у «незалежных СМІ» і «дэструктыўных тэлеграм-каналах» для «стварэння дадатковых інфанагод».
«Да акцыі мела дачыненне і 65-гадовая жанчына, якая нарадзілася ў Вільні і жыве ў Гомелі. Міліцыянты прыйшлі да яе 5 сакавіка: прадставіліся і ўвайшлі ў кватэру. Сын жанчыны спрабаваў супраціўляцца законным дзеянням праваахоўнікаў, абражаючы і правакуючы іх. Гаспадыня кватэры зладзіла паказальнае шоу з крыкамі і непадпарадкаваннем», — перадае МУС.
Міліцыя затрымала і іншых жыхарак Гомеля, якім ад 35 да 41 году за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце.