Не спыняецца пераслед удзельнікаў Свіслацкага фэсту

Удзельнікаў штогадовага фэсту, падчас якога ўшаноўваецца памяць паўстанцаў 1863-64 гадоў, выклікаюць у суды.

Свіслацкі фэст, архіўнае фота

Свіслацкі фэст, архіўнае фота

«Гэта сістэмны пераслед прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, якія прыязджаюць у Свіслач і Якушоўку», – так гарадзенскі праваабаронца і публіцыст Уладзімір Хільмановіч каментуе хвалю судовых працэсаў над удзельнікамі штогадовага памятнага мерапрыемства, вядомага як Свіслацкі фэст.
– Складаюцца пратаколы, вядзецца відэаздымка. Ніхто нікога не папярэджвае. Па звыклым сцэнары праходзяць гэтыя судовыя адміністрацыйныя працэсы. Ганебныя, як я лічу, якія дыскрэдытуюць увогуле ўсю сістэму юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Тым не менш, загад ёсць, яго выконваюць сілавікі, яго выконваюць суды. Суды пераўтварыліся ў нас у карныя органы. Юрыдычна аспрэчваць нешта практычна няма шанцаў, — кажа Уладзімір Хільмановіч.
Сёлетні Свіслацкі фэст прайшоў 27-га кастрычніка. Шматлікія яго ўдзельнікі цяпер выклікаюцца ў суды. Ужо асуджаныя: свіслацкія актывісты Юры Глебік на 25 базавых велічынь і Віктар Пяцельчык на 10 базавых, гарадзенскі праваабаронца Віктар Сазонаў – на 15 базавых, а таксама актывісты з Гародні Ежы Грыгенча ды Ігар Банцар – на 20 і 15 базавых велічынь адпаведна. Сам Уладзімір Хільмановіч атрымаў позву ў суд на панядзелак, 3 снежня.
racyja.com