«Нашу Ніву» хочуць аштрафаваць за раненне журналісткі
Пра гэта паведаміў у фэйсбуку галоўны рэдактар выдання Ягор Марціновіч.
Як паведаміў Ягор Марціновіч, рэдакцыя не перадухіліла «няшчасны выпадак на вытворчасці».
«Мы яго не перадухілілі, не правялі ўласнае расследаванне на працягу трох дзён і не паведамілі пра выпадак у адпаведныя інстанцыі. Зараз чытаю заканадаўства, разбіраюся», — пракаментаваў «Белсату» Марціновіч.
Нагадаем, у Мінску 10 жніўня падчас мірнай акцыі пратэсту спецназавец прыцэліўся і стрэліў з агнястрэльнай зброі ў Наталлю Лубнеўскую, якая была ў сіняй камізэльцы «Прэса». Журналістку параніла гумавай куляй. Мяркуючы па відэа, баец наўмысна страляў па Наталлі, гэта ніякая не выпадковасць.
Пасля інцыдэнту журналістка «НН» правяла ў шпіталі больш за месяц. «38 дзён у шпіталі — такую прэмію мне выпісала дзяржава за маю працу журналістам. Ні выбачэнняў, ні крымінальнай справы на стралка, ні, даруй Божа, кампенсацыі. Наогул, гэта была мая любімая пара джынсаў і адзіная — ног», — казала яна.