«Нас пазбавілі годнага жыцця, права выбару». Яшчэ два шахцёры «Беларуськалія» сыйшлі у стачку (абноўлена)
Сёння ноччу аб далучэнні да стачкі абвесціў Аляксандр Клязовіч — машыніст горных пад'ёмных машын 4-га рудаўпраўлення. У 1:30, скончыўшы працу, ён адмовіўся падымацца з шахты наверх. Пазней да страйку далучыўся машыніст горных машын рудніка 3РУ «Беларуськалія» Сяргей Журневіч.
Падымаць чарговага салігорскага страйкоўца на паверхню былі тэрмінова адпраўлены супрацоўнікі ВГВА (ваенізаванага горна-выратавальнага атрада). Па апошняй інфармацыі, Аляксандр Клязовіч выйшаў з шахты, пасля чаго яго звезла хуткая — гэта стандартная працэдура для салігорскіх гарнякоў, якія сыходзяць у стачку наўпрост з працоўнага месца.
«Я, Клязовіч Аляксандр, машыніст горных пад'ёмных машын рудніка 4-га рудаўпраўлення ААТ «Беларуськалій» заяўляю, што не гатовы мірыцца з тым прававым бязмежжам, што адбываецца ў нашай краіне, — цытуе шахцёра «Стачкам «Беларуськалія». — Чарговае забойства на мінулым тыдні маладога хлопца, бессэнсоўныя па сваёй жорсткасці затрымання грамадзян на мірных акцыях, прымяненне светлашумавых гранат і газу супраць пенсіянераў, пагрозы зброяй і арышты бацькоў на вачах маленькіх дзяцей — гэта ўсё паказвае нізасць і подласць людзей, якія захапілі ўладу ў нашай краіне.
Я адмаўляюся сваёй працай спансіраваць прадстаўнікоў нелігітымнага рэжыму, які лічыць нас рабамі, якія абавязаны араць на іх за падачкі. Нас пазбавілі годнага жыцця, права выбару. Мы страцілі павагу адзін да аднаго. Мы даведаліся шмат адзін пра аднаго пасля жнівеньскіх падзей. Мы пачынаем судзіць людзей не па іх словах, а па ўчынках. Пасля абвяшчэння стачкі і свайго жадання да яе далучыцца, некаторыя нарэшце зразумелі навошта з імі жывуць іх «жанчыны», пазналі людзей, якім пляваць на ўсіх акрамя сябе.
Я лічу, што стачка — адзіны законны і бяскроўны спосаб спыніць самаўпраўнасць і гвалт, таму падтрымліваю патрабаваньні страйкаму і далучаюся да стачкі».
Раніцай да страйку таксама далучыўся машыніст горных машын рудніка 3РУ «Беларуськалія» Сяргей Журневіч.