Найменш — дворнік і педагог, найбольш — кіраўнік банка. Колькі каму гатовыя плаціць у Гродне
На біржы працы ў Гродне ёсць дзясяткі вакансій з трагічна-смяшлівай зарплатай у “два двесце” і ўсяго некалькі прапановаў больш за шэсць мільёнаў.
“Твой стыль” пагартаў базу вакансій і даведаўся, дзе ў лістападзе згодныя
былі плаціць найменш і найбольш.
Самыя нізкааплачваемыя вакансіі
2 080 000
Столькі атрымае дворнік у яслях-садзе №82. Работнік патрэбны на 0,75 стаўкі, то бок яго зарплата будзе складаць 1 560 000.+
2 200 000
Столькі заробіць бухгалтар з вопытам працы ў "Обувьторг".+
Столькі ж заплацяць у дзіцячых садках: выхавацелю, калькулятару, педагогу-псіхолагу, повару (патрэбныя ў дзесяці розных садках), а таксама выхавацелю і памочніку выхавацеля ў Панямуньскім дзіцячым доме. На палову стаўкі патрэбныя інструктар па аздараўленчай фізкультуры ў яслях-садзе №52 і кіраўнік фізічнага выхавання ў яслях-садзе № 106.+
Дворнікам столькі прапаноўваюць у школе №35 і хіміка-тэхналагічным каледжы (на паўстаўкі).+
У школах і ўніверсітэтах столькі атрымаюць: педагог дадатковай адукацыі па вакалу і педагог дадатковай адукацыі па харэаграфіі ў ГрДУ (абедзве вакансіі на паўстаўкі), юрыскансультант у гімназіі №1, інструктар-метадыст у вучылішчы алімпійскага рэзерву і настаўнік геаграфіі ў сярэдняй школе №18.+
У спіс з такой зарплатай трапілі і вакансіі творчых прафесій: артыстр аркестра і артыст дапаможнага саставу тэатра ў Драмтэатры. Драмтэатр таксама шукае слесара па рамонту і абслугоўванню сістэм вентыляцыі і кандыцыянавання, а яшчэ краўца.+
На Гродзенскай фабрыцы гародніны 2,2 млн атрымае слесар-рамонтнік з вопытам працы. Прыбіральнік столькі атрымае на кансервным заводзе, у філармоніі і ў “Цветліце”, у гімназіі №7 і ў ГрДУ.+
Такія ж зарплаты ў бальніцах і паліклініках для: электраманцёра ў Гарадской клінічнай бальніцы №4, памочніка ўрача-гігіеніста і фельдшара-валеолага ў Гродзенскім занальным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, інструктара-валеолага ў паліклініцы №5, санітара ў абласной інфекцыйнай бальніцы, санітара і ваншчыцы ў абласным клінічным цэнтры.+
Столькі атрымае інжынер-канструктар на “БелТапазе”, масажыст у абласной школе вышэйшага спартыўнага майстэрства, мадэльер-закройшчык у “Сілуэце”, афіцыянт у “Калізеі”, кухонны працаўнік ў рэстаране “Вена” і повар са стажам у Гроднааблкінавідэапракат.+
Фірма “Медватфарм” прапануе вакансіі з такой зарплатай для людзей з інваліднасцю: сезонную для апальшчыка і сталую для лабаранта і наладчыка аўтаматычных ліній і станкоў. Інвалідаў чакаюць і на прадпрыемстве “ИнваШанс” у якасці камплектаўшчыкаў матэрыялаў і тэрмаапрацоўнікаў швейных вырабаў.+
2 300 000
Такая зарплата чакае медсястру ў Цэнтральнай гарадской паліклініцы, укладчыка пакрыцця для падлог у ІП Сербіна, повара ў яслях-садзе №3 і афіцыянта ў кафэ “Пелікан”.+
2 350 000
Столькі атрымае медсястра ў Гарадской паліклініцы №4.+
2 360 000
За такія грошы Гродзенская абласная дзіцячая клінічная бальніца шукае рэнтгеналабаранта і дзвюх медсясцёр.+
Самыя высокааплачваемыя вакансіі
6 800 000
Столькі абяцаюць кіраўніку аддзела ў “Альфа-Банку” са стажам на кіруючых пасадах не менш за пяць год.+
7 000 000
Такая зарплата чакае кіроўцу аўтамабіля ў ЧТУП "Оптимальцентр” са стажам працы не менш за два гады.+
7 732 000
Столькі атрымае кіраўнік філіала "Белорусский банк развития Республики Беларусь". Яму трэба мець вышэйшую адукацыю, вопыт на кіруючых пасадах не менш за 15 год і спецыяльныя веды.+
8 000 000
Такая зарплата ў кіраўніка філіалу №1 "ГродноТоргСервис". На пасаду запрашаюць людзей з вышэйшай адукацыяй і вопытам працы ў гандлі не менш за пяць год. Столькі ж гатовыя заплаціць повару 5-6 разрада з вопытам працы не менш за два гады і з абавязковым веданнем усходняй кухні ў ООО “Кірліт”.+
9 800 000
Столькі атрымае кіраўнік аддзялення "Альфа-банка". Прэтэндэнт павінен мець стаж працы на кіруючых пасадах па профілю аддзялення не менш за пяць год.+
Самай высокааплачваемай вакансіяй апошніх месяцаў была праца нападаючым у ХК "Нёман" — клуб прапанаваў 17 млн у месяц. Праўда, яна ўжо не актуальная.+
Алена Кавальчук, “Твой стыль”