На берасцейскую Жанну Д'Арк завялі крымінальную справу. А яе мужу пагражаюць суткі
Сям'я Шарэндаў — берасцейскія актывісты. Пакуль муж быў на сутках, на жонку завялі крымінальную справу. Падставай для разбіральніцтва стала відэа, дзе яна нібыта абразіла міліцыянтаў, калі тыя затрымлівалі мужа. Але ў СІЗА жанчына трапіла зусім па іншым артыкуле, піша «Наша Ніва».
«Пазнаёміліся ў "Маладым фронце"»
Андрэй і Паліна пазнаёміліся 15 год таму.
«Мы тады былі ў "Маладым фронце". Пасля здарылася Плошча-2006, дзе мы разам стаялі. Хіба з гэтага часу ў нас завязалася сяброўства, якое пасля перайшло ў больш шчыльныя адносіны», — успамінае мужчына.
Паліна раней узначальвала берасцейскі «Малады фронт», была каардынатаркай па вобласці руху «Зубр». А ў 2010 годзе ўдзельнічала ў выбарчай кампаніі Андрэя Саннікава.
«Пасля тых выбараў мне давялося з’ехаць амаль на год у эміграцыю ў Польшчу. Я вучыўся і працаваў там, Паліна была адна з сынам», — дзеліцца яе муж.
Ён і цяпер час ад часу ездзіць у Польшчу ў заробкі: быў адміністратарам гатэля, набіраў іншых падпрацоўвак. Паліна пасля дэкрэту аформіла самазанятасць як рэпетытар польскай мовы. Займалася з дзецьмі і дарослымі, брала пераклады.
У сям’і двое сыноў — Славамір (11 год) і Стах (4 гады). Хлопцы размаўляюць па-беларуску, хоць і наведваюць рускамоўныя садок і школу.
«У Брэсце ёсць беларускамоўныя класы, але яны знаходзяцца ў іншай частцы горада і туды далёка дабірацца. Я лічу, павінны найперш бацькі падаваць прыклад, пытанне школы — другаснае. Са старэйшым было так, што ён, наадварот, кепска па-руску размаўляў», — усміхаецца Андрэй.
У эфіры БТ назвала Лукашэнку дыктатарам
З пераследам сям’я сытыкалася і ў 2017-м, пасля маршаў недармаедаў. За вывешванне расцяжкі на іх завялі крымінальную справу — нібыта за знявагу прэзідэнта.
«Яна нічым не скончылася, праз месяц яе закрылі. Нам намякалі, што гэта была спроба выпіхнуць нас за мяжу, сістэма запужвання».
На апошніх парламенцкіх выбарах Паліна стала кандыдатам у дэпутаты ад грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь». Яна запомнілася зваротам на тэлебачанні, у якім назвала Лукашэнку дыктатарам.
«Мой выступ быў адным з першых, і яны яшчэ, напэўна, проста не паспелі ўключыць усе свае фільтры. Я тэкст папярэдне прыносіла на флэшцы. Работнікі ТБ літаральна за секунду перад запісам прыбеглі з раздрукаваным выступам. Абураліся слову "дыктатар", маўляў, што гэта паклёп, абраза. Я тлумачыла, што гэта паліталагічны тэрмін», — расказвала тады актывістка, як абышла цэнзуру ў эфіры. Пасля такога звароту яе, канечне, знялі з парламенцкай гонкі.
У гэту выбарчую кампанію пара выступала за перамены. З лета Андрэй адседзеў больш за 60 сутак. Першы раз яго затрымалі яшчэ ў ліпені — за акцыю салідарнасці з Бабарыкам яму далі 15 сутак.
«Яны сканчваліся 11 жніўня. Па паперы мяне вызвалілі, але насамрэч нават з ІЧУ не далі выйсці, пусцілі на канвеер з усімі, нібыта за супраціў пры выхадзе. Далі яшчэ 10 сутак. Паказальна, што калі 16 жніўня многіх вызвалялі, мяне не выпусцілі, я дасядзеў усе свае суткі».
Наступны раз Андрэя ўзялі на маршы ў Брэсце 6 верасня. Тады яму двойчы прысудзілі па 15 сутак. А жонцы, якую таксама затрымалі, — штраф 20 базавых.
Апошняя гісторыя, якая скончылася для сям’і ператрусам і крымінальнай справай, пачалася 29 снежня.
«Думаю, за мной сачылі. Увечары я выйшаў пагуляць з малодшым сынам, і тут падбеглі два супрацоўнікі міліцыі. Сказалі: патэлефануйце ў дамафон, каб забралі дзіця, і пройдзем з намі. Калі мяне затрымлівалі, Паліна зняла відэа. Яна называла іх фашыстамі, іншымі словамі.
У мяне вісеў сцяг на балконе. Спачатку казалі, што праз гэта пачалі праверку ў рамках адміністрацыйнай справы. Але мінула трое сутак, ніякіх рухаў не было, мне зачыталі вуснае папярэджанне за сцяг. І прынеслі новы пратакол — за ўдзел у менскай акцыі 8 лістапада. У мяне былі фотаздымкі ў фэйсбуку з гэтага марша».
«Кожную раніцу сын бяжыць да ложка і пытаецца, дзе мама»
Тым часам 3 студзеня ў кватэру Шарэндаў прыйшлі з аглядам — з-за таго відэа, на якім Паліна зняважліва выказвалася пра міліцыянтаў (яно трапіла ў тэлеграм-каналы). Што там адбывалася, Андрэй даведаўся ад суседзяў.
«Прыехалі дзве машыны. Супрацоўнікі АМАПа кувалдай выбілі дзверы. У гэты час у кватэры знаходзіліся жонка і чатырохгадовы сын. Агляд нагадваў разгром. Забралі ноўтбук, сістэмны блок старэйшага сына, флэшкі, прыстаўку ад тэлебачання, квадракоптар — навагодні падарунак малога. Вынялі некаторыя дакументы, усе сувеніры з бел-чырвона-белай сімволікай і «Пагоняй». І дзіва, што забралі нашы з Палінай дыпломы аб вышэйшай адукацыі — яны ў рамках віселі.
Паліну арыштавалі. Спачатку адвезлі ў ІЧУ: я таксама знаходзіўся там і чуў, як яе дастаўлялі — брэсцкі ізалятар не такі вялікі. Дзяцей не адабралі, яны паехалі да бабулі. Хоць на судзе супрацоўнікі міліцыі мне казалі: а мы не ведаем, дзе дзеці, хутчэй за ўсё ў прытулку, вы самі вінаватыя».
Андрэя пасля шасці сутак за кратамі выпусцілі. Асудзілі ўжо на наступны дзень — далі чарговыя 15 сутак. Мужчына на тым пасяджэнні не прысутнічаў. Пакуль ён на волі. А вось жонку перавялі ў СІЗА.
Што дзіўна: агляд у кватэры быў звязаны з артыкуламі 188 і 369 Крымінальнага кодэкса — паклёп і знявага прадстаўніка ўлады. А крымінальную справу на жанчыну, як стала вядома ад адваката, завялі па іншым артыкуле — 364, гвалт або пагроза яго прымянення ў адносінах да супрацоўніка органаў унутраных спраў.
«Што за эпізод — пакуль незразумела. Магчыма, падчас агляду адбылася нейкая правакацыя», — мяркуе Андрэй.
Органы апекі ўжо тэлефанавалі, што збіраюцца прыйсці з праверкай. Спроба паставіць сям’ю на ўлік як праблемную была яшчэ восенню, але ўсё скончылася папярэджаннем. На паседжанне падтрымаць Шарэндаў тады прыйшло каля ста берасцейцаў, магчыма, таму справу замялі.
«Гэта вельмі вялікі шок для дзяцей, асабліва для малодшага. Кожную раніцу ён прачынаецца і ў першую чаргу бяжыць да ложка, пытаецца, дзе мама.
На шчасце, Паліна паспела сабраць з сабой нейкія рэчы. Яшчэ ў ІЧУ мы перадалі ёй прадуктовую перадачу. Асноўнае пытанне — што не сёння дык заўтра мяне пасадзяць у турму. Родзічы ў першую чаргу будуць займацца дзецьмі, будзе не да таго, каб хадзіць да Паліны. Мой бацька толькі перанёс каронавірус, у даволі цяжкім стане зараз дома, і маці вымушана яго даглядаць. Уся апека дзяцей будзе класціся на маці Паліны, якой 68 год».
Андрэй перажывае, што ў жонкі могуць быць праблемы праз яе баявы характар.
«Паліна — чалавек са стойкай пазіцыяй. Яна не будзе прызнаваць парадкі, якія дзейнічаюць у СІЗА, за гэта можа патрапіць у карцар. Таму ёсць падставы хвалявацца за ўмовы, у якіх яна будзе ўтрымлівацца».
nn.by