МЗС Польшчы: Дамова з «Белсатам» скасаваная
«Ранейшая дамова МЗС Польшчы і Польскай тэлевізіі наконт стварэння «Белсату» ўжо скасаваная» — напісаў у артыкуле для газеты Rzeczpospolita дзяржсакратар у справах бяспекі, усходняй і еўрапейскай палітыкі МЗС Польшчы Марэк Зюлкоўскі.
«Мы ахвотна распачнём з дасведчанай беларускай камандай «Белсату» дыскусію, як змяніць гэты СМІ, каб ён мог знайсці патрэбнага спонсара і прэстыж важнага сродку беларускай камунікацыі» — напісаў высокапастаўлены чыноўнік МЗС у артыкуле «МЗС глядзіць на ўсход. Карпатлівая нармалізацыя дачыненняў з Беларуссю».
Марэк Зюлкоўскі мае пасаду, роўную намесніку міністра замежных спраў, ён адказвае ў ведамстве за ўсходнюю палітыку Польшчы.
З неафіцыйных крыніцаў стала вядома, што польскае МЗС цалкам спыняе фінансаванне Белсату. У дадзены момант Белсат часова фінансуе Польская грамадзкая тэлевізія TVP, часткай якой канал і з'яўляецца.
5 студзеня дырэктарка тэлеканалу Белсат Агнешка Рамашэўская сустрэлася з прэм’ер-міністаркаю Польшчы Беатай Шыдла і паведаміла на сваім профілі ў Фэйсбуку наступнае:
«Думаю, што будзеце задаволеныя, як і я, навіною, якую я перадаю: пані прэм’ер запэўніла мяне і ўпаўнаважыла заявіць, што існаванню Белсату нічога не пагражае. Найбліжэйшы месяц мы прысвяцім абмеркаванню далейшых прынцыпаў супрацоўніцтва з МЗС».
Паводле МЗС Польшчы, ад 2007 году агулам фінансаванне тэлеканалу Белсат склала 157 млн злотых (за гэты час курс злотага вагаўся ад 2 да 4 за долар ЗША). Гэта траціна ўсіх сродкаў, якія Польшча выдаткавала за гэты час на падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.
25 студзеня дзяржсакратар МЗС Польшчы Марэк Зюлкоўскі сустрэўся з амбасадарам Беларусі ў Варшаве Аляксандрам Авяр'янавым. У польскі парламент цяпер прыехала з візітам дэлегацыя Палаты прадстаўнікоў Беларусі. Польскі візіт — першы ў гісторыі Палаты прадстаўнікоў— працягнецца да 2 лютага.
Паводле Радыё Свабода