Мінздароўя прыдумала, як змагацца з недахопам медыкаў: Што стала вядома з ўнутранай справаздачы міністэрства?

У Міністэрстве аховы здароўя моцна заклапаціліся праблемай недахопу дактароў. Ва ўнутранай справаздачы, якую з дапамогай BELPOL ўдалося атрымаць «Люстэрку», міністэрства прызнае, што колькасць вакансій у 2023 годзе моцна перавысіла ўзровень папярэдняга года. Што прапанавана зрабіць?

_medycyna___kavid__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg

Вырашаць праблему недахопу медыкаў Мінздароўя збіраецца некалькімі спосабамі — некаторыя з іх нестандартныя. 

У справаздачы «Вынікі працы органаў і арганізацый аховы здароўя ў 2023 годзе» на 270 старонак міністэрства наўпрост кажа, што ёсць праблема недахопу кадраў.

Так, на 1 студзеня 2024 года ў бальніцах і паліклініках працавала 47,5 тысячы дактароў-спецыялістаў і 112 тысяч сярэдніх медыцынскіх работнікаў. А адкрытых вакансій — больш за 14 тысяч. То-бок у краіне не хапае яшчэ 9% спецыялістаў. Цікава, што чвэрць незанятых пасадаў па ўсёй краіне прыпадала на Мінск (амаль 3,5 тысячы вакансій).

Больш за ўсё не хапае санітарак, потым дактароў-спецыялістаў і сярэдняга медперсаналу. А самы моцны адток кадраў за мінулы год назіраецца ў Гродзенскай (рост на 36%) і Магілёўскай (на 33%) абласцях.

Але што ведамства збіраецца рабіць, каб вырашыць гэтае пытанне?

Зарплата

«Адным з ключавых момантаў» у вырашэнні кадравай праблемы Мінздароўя называе заробак.

Ведамства адзначае, што ў галіне «нізкі ўзровень матэрыяльнага забяспечання кантрактаў з медыцынскімі работнікамі». Так, напрыклад, у Гродзенскай вобласці большая частка медработнікаў мае надбаўкі ад 10% да 30% акладу. Між тым Мінздароўя адзначае:

— У галіне працягваюць адзначацца выпадкі неабгрунтавана высокіх памераў надбаўкі за складанасць і напружанасць працы і прэміявання асобных работнікаў, што выклікае абгрунтаваныя скаргі і звароты працоўных калектываў у вышэйшыя органы.

Таму міністэрства збіраецца ўзяць на пастаянны кантроль пытанні прэмій і надбавак.

У 2023 годзе заробак доктара складаў 2842 рублі (149,4% ад сярэдняга заробку за 2023 год), а сярэдняга медработніка — 1576 рублёў (82,9%). Мінздароўя хоча падняць яго да 150% і 90% адпаведна.

Між тым у сваёй жа справаздачы міністэрства адзначае, што ў сярэднім доктар працуе на 1,24 стаўкі. То-бок калі пералічыць па звычайнай стаўцы, то зарплата доктара склала б 2368 рублёў.

Размеркаванне

Яшчэ адзін спосаб павялічыць колькасць кадраў, паводле версіі ведамства, — гэта зрабіць больш жорсткім «кантроль за выкананнем тэрмінаў абавязковай адпрацоўкі маладымі спецыялістамі».

Міністэрства прызнаецца, што па размеркаванні выпускнікоў медыцынскіх ВНУ Мінск застаецца праблемным рэгіёнам. Сюды адпраўляюць пятую частку выпускнікоў медыцынскіх ВНУ, але сітуацыя не паляпшаецца.

— Практыка размеркавання за апошнія пяць гадоў пятай часткі ўсіх выпускнікоў медыцынскіх ВНУ ў г. Мінск (усяго 1997 чалавек) не палепшыла кадравага забяспечання Мінска. Колькасць медыцынскіх вакансій па-ранейшаму складае адну траціну па краіне — 1383, — наракае Мінздароўя.

Вырашаць гэтую задачу Мінздароўя хоча павелічэннем месцаў у медыцынскіх ВНУ. Так, у 2024 годзе ведамства планавала павялічыць набор на 210 бюджэтнікаў. А вось магчымасць вучыцца платна пакінуць толькі 25% студэнтаў. Таксама з гэтага года Мінздароўя адкрыла магчымасць паступаць у медкаледжы нават з базавай адукацыяй (пасля заканчэння дзевяці класаў), а ў школах — спецыяльныя профільныя медкласы.

Пры гэтым цікава, што міністэрства гатовае плаціць маладым спецыялістам надбаўку памерам 30% ад акладу, а іх настаўнікам — ад 30% да 60% акладу. А для тых, хто заключыць кантракт на пяць гадоў, «шукаюць магчымасць даць жыллё».

Міністэрства таксама зрабіла больш жорсткім узгадненне пераразмеркавання. І на падставе гэтага пачало адмаўляць у змене месца адпрацоўкі. Так, 26 маладым спецыялістам адмовілі, нават нягледзячы на згоду ВНУ наконт змены месца працы.

Акрамя гэтага, Міндароўя прапанавала два новаўвядзенні ў Кодэкс «Пра адукацыю». Яно хоча забараніць:

  • магчымасць размяркоўвацца і пераразмяркоўвацца па месцы жыхарства мужа і жонкі,
  • выезд з краіны бюджэтнікаў, якія адмовіліся «адпрацоўваць» і не выплацілі грошы дзяржаве.

Як сказана ў справаздачы, праект Кодэкса ўжо «ўзгоднены ўсімі зацікаўленымі органамі».

Пенсіянеры

Акрамя студэнтаў вырашаць праблему хочуць за кошт пенсіянераў. Хоць у сферы і так 57,8 тысячы работнікаў (амаль 19% ад усіх медыкаў) — пенсійнага ўзросту.

З пенсіянерамі збіраюцца заключаць кантракты на максімальны тэрмін. Іх хочуць вызваліць ад прафесійнай атэстацыі на пацверджанне кваліфікацыйнай катэгорыі.

Акрамя гэтага, для іх прадугледзелі шэраг прывілеяў. Напрыклад, пенсіянеры могуць вызначаць індывідуальны графік працы і адпачынкаў у зручны час. Таксама ім не трэба праходзіць прафесійную атэстацыю на пацверджанне кваліфікацыйнай катэгорыі.

Сцвярджаецца, што ў выніку такіх захадаў за 2023 год у сферу аховы здароўя прыйшла больш чым тысяча пенсіянераў.