Міністэрства па падатках і зборах спыняе практыку недабраахвотнай ліквідацыі ўстановаў
Міністэрства па падатках і зборах адказала на калектыўны зварот, які накіравалі беларускія некамерцыйныя арганізацыі з нагоды практыкі ліквідацыі ўстановаў на падставе неажыццяўлення імі прадпрымальніцкай дзейнасці.
Адказ падпісаны намесніцай міністра Элай Сіліцкай, якая курыруе пытанні падаткаабкладання юрыдычных асобаў. Нагадаем, што ў жніўні дырэктарка Цэнтра прававой трансфармацыі Вольга Смалянкасустрэлася са спадарыняй Сіліцкай з нагоды калектыўнага зварота, прысвечанага праблеме неспрыяльнай практыкі, датычнай падставаў для ліквідацыі тых некамерцыйных арганізацыяў, якія зарэгістраваныя ў форме ўстановаў.
У чым сутнасць праблемы?
Шматлікія раённыя падатковыя інспекцыі выкарыстоўваюць у дачыненні да ўстановаў як падставу для ліквідацыі неажыццяўленне арганізацыямі прадпрымальніцкай дзейнасці. Гэта адбываецца нягледзячы на тое, што паводле Грамадзянскага кодэксу ўстановы належаць да некамерцыйных арганізацыяў і не маюць за мэту атрыманне прыбытку. У выніку такой заганнай практыцы шматлікія арганізацыі грамадзянскай супольнасці, зарэгістраваныя ў форме ўстановаў, атрымліваюць ад падатковых інспекцыяў прапановы або папярэджанні аб ліквідацыі, а ў найгоршых выпадках арганізацыі проста даведваюцца пра тое, што яны ўжо знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі паводле рашэння рэгіструючага органа.
Гэтая праблема абвастраецца з набыццём моцы 3 верасня зменаў у парадак ліквідацыі юрыдычных асобаў, згодна з якімі ліквідацыя арганізацыяў у сувязі з неажыццяўленнем прадпрымальніцкай дзейнасці будзе адбывацца ў аўтаматычным парадку, без накіравання ў арганізацыю запыту пра прычыны неажыццяўлення гэтай дзейнасці.
Пры такіх умовах наспела патрэба ўдасканаліць практыку раённых падатковых інспекцыяў і прымусіць іх улічваць спецыфіку некамерцыйных арганізацыяў пры прыняцці рашэнняў пра ініцыяванне ліквідацыі арганізацыяў.
Адказ Міністэрства па падатках і зборах
У адказе на калектыўны зварот міністэрства прызнае заганнасць існай практыкі і акрэслівае захады, якія былі ўжытыя для выкаранення выяўленых з боку раённых падатковых інспекцыяў парушэнняў заканадаўства. У прыватнасці, міністэрства паведамляе, што пры правядзенні праверкі выкладзеных у калектыўным звароце выпадкаў ліквідацыі ўстановаў знойдзеныя парушэнні заканадаўства. Міністэрства пералічае шэраг установаў, у дачыненні якіх на ініцыятыву міністэрства была спыненая ўжо распачатая раней працэдура ліквідацыі ці скасаванае ўжо прынятае рашэнне пра ліквідацыю ўстановы ў сувязі з неажыццяўленнем прадпрымальніцкай дзейнасці.
Таксама Міністэрства па падатках і зборах інфармуе заяўнікаў, што на адрас раённых падатковых інспекцыяў міністэрствам быў падрыхтаваны і накіраваны ліст з падрабязным тлумачэннем адпаведных палажэнняў заканадаўства і ўказаннем на неабходнасць іх дакладнага выканання. Міністэрства даручыла падначаленым падатковым інспекцыям спыніць накіраванне прадстаўленняў рэгіструючым органам пра ліквідацыю некамерцыйных арганізацыяў у сувязі з неажыццяўленнем прадпрымальніцкай дзейнасці.
Каментар юрыста
Адказ Міністэрства па падатках і зборах каментуе юрыст Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Юрый Чавусаў:
— Калі ў чэрвені Цэнтрам прававой трансфармацыі супольна з Асамблеяй НДА быў зладжаны круглы стол па прававых пытаннях дзейнасці ўстановаў— мы ведалі пра праблему ўжывання падатковымі інспекцыямі незаконных падставаў для ліквідацыі ўстановаў у сувязі з неажыццяўленнем імі прадпрымальніцкай дзейнасці. Менавіта па выніках круглага стала быў падрыхтаваны гэты калектыўны зварот і адбылася сустрэча ў Міністэрстве па падатках і зборах. Але пасля таго, як праблема была намі ідэнтыфікаваная і агучаная на круглым стале, мы сталі атрымліваць шматлікія новыя паведамленні ад самых розных прыватных установаў, якія таксама сутыкнуліся з гэтай праблемай і атрымалі прапановы аб ліквідацыі. Такім чынам, выявілася, што праблема яшчэ больш пашыраная, чым першапачаткова падавалася.
Таму гэты адказ міністэрства выклікае асцярожны аптымізм — дзяржаўны орган прызнаў наяўнасць парушэнняў заканадаўства з боку падначаленых інспекцыяў і сцвярджае, што гэтая заганная практыка будзе спыненая. Вельмі важна, што ў адказе гаворка вядзецца не толькі пра асобныя выпадкі (міністэрства пералічае канкрэтныя ўстановы, у дачыненні да якіх працэдура ініцыявання іх ліквідацыі спыненая ці адмененае рашэнне аб ліквідацыі) — паведамляецца, што міністэрствам ужытыя захады па ўпарадкаванні працы падатковых інспекцыяў з установамі з улікам іх некамерцыйнай прыроды і па прывядзенні гэтай працы ў адпаведнасць з патрабаваннямі заканадаўства ў частцы падставаў для ліквідацыі.
Так што з’явілася абгрунтаваная надзея, што ў дачыненні да ўстановаў больш не будзе ўжывацца практыка прымусовай ліквідацыі на падставе неажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці.
Мы
са свайго боку абяцаем сачыць за развіццём сітуацыі ў межах традыцыйнай
маніторынгавай працы, якая ажыццяўляецца Асамблеяй НДА і Цэнтрам прававой
трансфармацыі. Калі нейкія ўстановы надалей будуць атрымліваць прапановы аб
ліквідацыі ў сувязі з неажыццяўленнем прадпрымальніцкай дзейнасці або запыты ад
падатковых інспекцыяў на гэтую тэму — мы заклікаем кіраўнікоў або
заснавальнікаў гэтых арганізацыяў аператыўна паведамляць нам пра такія выпадкі”
— сказаў Юрый Чавусаў.
Прэс-служба Асамблеі НДА