Мінінфармацыі вынесла папярэджанне «Нашай Ніве» — у той жа дзень, што і tut.by
Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджанне сайту «Нашай Нівы» (nn.by) за «парушэнне патрабаванняў артыкула 38 закона «Аб сродках масавай інфармацыі».
Атрыманне двух і болей папярэджанняў на працягу года пагражае закрыццём выдання.
Ліст за подпісам міністра Ліліі Ананіч, які атрымала «Наша Ніва», датаваны 14 сакавіка. У адзін дзень з намі было выпісанае папярэджанне і парталу Tut.by, толькі пошта даставіла гэты ліст пазней. Фармулёўка такая ж — распаўсюд інфармацыі, «здольнай нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі».
У лісце з Міністэрства інфармацыі прыводзяцца восем выказванняў у каментарах да артыкулаў на сайце НН.
У адпаведнасці з патрабаваннямі закона, “Наша Ніва” выдаліла гэтыя каментары з сайта.
“Наша Ніва” паведамляе, што гэтыя каментары нібы ўтрымлівалі наступны змест:
- Рэзкія выказванні на адрас уладаў.
- Расклад меркаваных несанкцыянаваных акцый недармаедаў у рэгіёнах.
- Рэзкія выказванні на адрас выканаўцаў затрыманняў, у прыватнасці, затрымання Змітра Дашкевіча.
- Рэзкая крытыка ўстаноўленага помніка гарадавому ў цэнтры Мінска і падтрымка перформансу левых актывістаў супраць помніка гарадавому ў цэнтры Мінска.
На партале nn.by дзейнічае рэжым прэмадэрацыі. Усе каменты перад іх выстаўленнем прачытваюцца вэб-рэдактарам. У выніку сярэдні працэнт адсеву каментаў апошнія гады складаў каля дваццаці, адзначаюць у рэдакцыі.
«Наша Ніва» папярэджвае, што рэжым мадэрацыі каментароў стане яшчэ больш пільным, і калі ў вэб-рэдактара хоць на секунду ўзнікаюць сумневы, што рабіць з каментам — камент будзе адразу ж выдалены. «Наша Ніва» не мусіць стаць ахвярай чыёйсьці правакацыі.
Паводле nn.by