Мінгарвыканкам пракаментаваў сваё рашэнне аб забароне начнога продажу алкаголю

Мінгарвыканкам пракаментаваў уласнае рашэнне аб забароне продажу алкаголю ў крамах з 23.00 да 7.00. У мэрыі таксама распавялі, па чыёй ініцыятыве яно прынята.

Пра гэта паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».
Як растлумачылі ў Галоўным ўпраўленні гандлю і паслуг Мінгарвыканкама, з ініцыятывай абмежавання рознічнага продажу алкаголю выступіла Міністэрства ўнутраных спраў краіны. Ведамства прапанавала правесці комплексны эксперымент па ўдасканаленні рознічнага гандлю алкагольнай прадукцыяй. У сувязі з гэтым Мінгарвыканкам і прыняў сваё рашэнне.

Фота: Дзмітрый Брушко, TUT.BY

Фота: Дзмітрый Брушко, TUT.BY

Мэта — прафілактыка п'янства і звязаных з ім правапарушэнняў. Паводле звестак ГУУС Мінгарвыканкама, у сталіцы за 8 месяцаў зарэгістраваныя 1483 злачынствы, учыненыя людзьмі ў стане алкагольнага ап'янення. Зафіксаваныя каля 9 тысяч паведамленняў аб сямейна-бытавых канфліктах, прычынай якіх стала ўжыванне алкагольных напояў.
— У нас дзясяткі калектыўных зваротаў мінчан, якія жывуць побач з кругласуткавымі крамамі, — распавяла начальнік Галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Ніна Емяльянава. — Людзі скардзяцца, што па начах наведвальнікі гандлёвых аб'ектаў не даюць спакойна адпачываць, размяшчаюцца ў суседніх дварах, дзе ўжываюць алкаголь, лаюцца, б'юцца. У сталіцы на момант прыняцця рашэння 88 крамаў прадавалі алкаголь у начны час, многія з іх размешчаныя на АЗС. Па статыстыцы, алкаголь складае да 40% ад пакупак, якія здзяйсняюцца пасля 23:00. У 2015 годзе ў горадзе ўжо ўводзілі абмежаванне па часе рэалізацыі такіх напояў. Цяперашняя мера накіравана перш за ўсё на тых, хто адпраўляецца ў начныя крамы за дадаткам.
Штоквартальна ГУУС Мінгарвыканкама будзе аналізаваць крымінагенную абстаноўку ў сталіцы, каб паглядзець, як уплывае прынятае рашэнне на агульную карціну.

Паводле tut.by