«Міліцыя цяпер — гэта карны орган у руках аднаго чалавека». Былы міліцыянт пра пазбаўленне афіцэрскага звання
Лукашэнка пазбавіў афіцэрскіх званняў 80 былых міліцыянтаў, памежнікаў і вайскоўцаў. Сярод іх — лейтэнант міліцыі запасу, былы оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку Мазырскага РАУС Уладзімір Жыгар. З якімі эмоцыямі сустрэў ён навіну, спыталася «Свабода».
Уладзіміра Жыгара
звольнілі з Мазырскага РАУС улетку «за палітыку». Ён далучыўся да каманды
«Страна для жизни». На некаторых мерапрыемствах ахоўваў Святлану Ціханоўскую.
Сядзеў на «сутках» у Жодзіне. Быў вымушаны з’ехаць з
Беларусі. Далучыўся да ініцыятывы ByPol.
«Пазбаўленне афіцэрскага звання я і ўсе прадстаўнікі ByPol успрынялі спакойна. Мы разумеем, што Лукашэнка нелегітымны прэзідэнт і ўсе яго рашэнні не маюць ніякай вагі. У свабоднай Беларусі ўсе гэтыя загады будуць ануляваныя. Вядома ж, я не шкадую, што зрабіў такі выбар. Паступаць па сумленні заўсёды складана, аднак служыць рэжыму я не хацеў. Я даваў прысягу абараняць уласны народ, а не асобна ўзятага правіцеля, які не можа змірыцца з тым, што людзі яго не абралі. Цяпер ён катаваннямі, штрафамі, гвалтам спрабуе прымусіць людзей любіць сябе!» — выказаўся Уладзімір Жыгар.
Ён кажа, што сумуе па Мазыры, але не па ранейшай службе.
«Тое, у што цяпер ператварылася міліцыя, гэта ненармальна. Гэта проста карны орган у руках аднаго чалавека», — лічыць былы міліцыянт.
Уладзімер Жыгар кажа, што працы ў ByPol шмат, «працуем 24/7».
«Але гэтая праца прыносіць толькі станоўчыя эмоцыі, таму што я разумею, што гэтая праца сапраўды патрэбная і накіраваная на вяртанне Беларусі ў прававое рэчышча і прыцягненне вінаватых асоб да адказнасці», — дадаў ён.