Мікалай Аўтуховіч: Будзем рэгістравацца ўсё адно
Старшыня аргкамітэта па стварэнні грамадскага аб’яднання «Камітэт падтрымкі прадпрымальніцтва «Салідарнасць» Мікалай Аўтуховіч не мае вялікіх спадзяванняў на атрыманне юрыдычнай рэгістрацыі ў Беларусі. Аднак плануе зарэгістравацца, "каб ніхто нідзе не казаў, што нас не існуе".
Другі ўстаноўчы сход па стварэнні грамадскага аб’яднання “Камітэт падтрымкі прадпрымальніцтва “Салідарнасць” прайшоў у Мінску 31 кастрычніка. Старшыня аргкамітэта па стварэнні аб’яднання Мікалай Аўтуховіч у гутарцы з праваабаронцамі падкрэсліў, што хаця вялікіх ілюзій наконт рэгістрацыі няма, прадпрымальнікі маюць цвёрды намер выкарыстаць усе магчымыя сродкі, каб атрымаць афіцыйны статус.
Як вядома, 18 кастрычніка Мінюст Беларусі адмовіў ў рэгістрацыі «Салідарнасці» прадпрымальнікаў, спаслаўшыся на тое, што заснавальнікі падалі для рэгістрацыі несапраўдныя дакументы; знайшлі дробныя памылкі ў пададзеных дакументах.
— Мэта ў нас ранейшая: стварэнне Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Камітэт падтрымкі прадпрымальніцтва “Салідарнасць”. Гэта свайго роду прамежкавы этап для стварэння прафсаюза, каб паспяхова працаваць і адстойваць правы прадпрымальнікаў, — паведаміў Мікалай Аўтуховіч.
— Зразумела, што лепей мець зарэгістраваную арганізацыю, чым хадзіць па рынках і пастаянна быць на кантролі ў нейкіх сілавых структур, якія ходзяць за табой і адбіраюць буклеты, якія мы раздаём. У нас быў кворум, вёўся пратакол, усё як і патрабуецца. Дарэчы, на ўстаноўчым сходзе мы выявілі прысутнасць “засланага” чалавека. Я заўважыў, што падчас сходу ў залю ўвайшла невядомая мне жанчына. Паколькі ўсіх заснавальнікаў я ведаю асабіста, акрамя аднаго, берасцейскага, то запытаўся: “Вы з Берасця?” А яна ўсміхаецца і кажа: “Не”. Падчас сходу жанчына выконвала ролю зацікаўленай асобы, распытвала многіх прысутных аб справах, але рэальна гэта быў падасланы чалавек, за якім цікава было назіраць збоку.
Вялікіх спадзяванняў на атрыманне юрыдычнай рэгістрацыі ў Беларусі ў Мікалая Аўтуховіча няма.
— З нашага боку мы выканалі ўсё, што патрабуе дзяржава. Рэальных падстаў для адмовы проста няма. Калі будуць шукаць нейкія падводныя камяні, нешта прыдумляць… то тут усё зразумела. Калі стаіць мэта не зарэгістраваць нашае аб’яднанне, а гэта значыць парушыць закон, дык гэта падпадае пад крымінальны артыкул. Няхай робяць, няхай займаюцца. Час усё адно памяняецца і тыя, хто сёння будзе займацца фабрыкацыяй псеўдадоказаў для нерэгістрацыі, усё адно некалі адкажуць па закону. Арэлі прывіднага дабрабыту пачалі разгойдвацца, і гэта бачыць просты народ… Калісьці ў вёсках пенсіянеры казалі: “Ой, Лукашэнка такі добры, такі добры..”, а зараз меркаванне ў людзей зусім іншае, — лічыць прадпрымальнік.
— Калі зноў адмовяць — будзем глядзець на падставы, аспрэчваць іх. Натуральна, што ў нас ужо ёсць сувязі з міжнароднымі арганізацыямі, з тым жа Еўрапарламентам, з некаторымі партыямі, будзем інфармаваць іх пра развіццё падзей з рэгістрацыяй. Бо многія кажуць, што ў нас, у Беларусі, нібыта адбываюцца нейкія перамены. Вось мы і будзем паказваць, што аніякіх пераменаў у Беларусі няма.
У выпадку паўторнай адмовы ў рэгістрацыі Мікалай Аўтуховіч не адмаўляе магчымасці зарэгістраваць аб’яднанне ў нейкай іншай краіне, у Польшчы ці Літве. А ў Беларусі — адчыніць філіял.
— Будзем рэгістравацца ўсё адно, каб ніхто нідзе не казаў, што нас не існуе, — падкрэсліў Аўтуховіч.