Масавае мерапрыемства зладзіла хата. А на 7 сутак забралі гаспадара
Анатоля Каханчыка, што жыве ў Полацкім раёне, асудзілі на 7 сутак арышту. Уладам не спадабалася, што частка яго прыватнай хаты пафарбавана ў бел-чырвона-белы.
Анатоля Каханчыка з вёскі Алешча, што за 30 кіламетраў ад Полацка, затрымалі ўвечары 9 лютага. На яго склалі пратакол паводле традыцыйнага “народнага” артыкула 23.34 КаАП — парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў. Масавым мерапрыемствам палічылі тое, што частка яго дома пафарбаваная ў колеры нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга.
Анатоля Каханчыка некалькі дзен правёў у ІЧУ. А 11 лютага суддзя суда Полацкага раёну і Полацку Уладзімер Бясецкі асудзіў Анатоля Каханчыка на 7 сутак арышту.
Актывіст Мікола Шарах паведаміў у сваім фэйсбуку, што сябра Свабоднага прафсаюза Анатоля Каханчыка пакаралі 7 суткамі зняволення “за прыгожа пафарбаваную хату”.
Спадар Анатоль Каханчык працуе на чыгунцы і жыве
недалёка ад яе. Яго хата з бел-чырвона-белым была добра бачная пасажырам
цягнікоў, якія праязджаюць паўз яе.