Жыхар Мінска, якога арыштавалі падчас Усебеларускага сходу, абвясціў галадоўку
Перад Усебеларускім сходам прыхільнікаў Лукашэнкі 39-гадовага мінчука Андрэя Хацько забралі з дому нібыта для прафілактычнай гутаркі, піша «Свабода». Але пазней у міліцэйскім пратаколе ад 11 лютага з'явіўся запіс, што нібыта «грамадзянін Хацько на вуліцы Русіянава нецэнзурна лаяўся ў адрас іншых грамадзян, публічна выказваў палітычнае меркаванне і размахваў рукамі».
У Першамайскім РУУС Андрэя прымусілі падпісаць пратакол па
арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства). Растлумачылі гэта тым, што ён раней ужо
прыцягваўся да адказнасьці па арт. 23.34 КаАП.
Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», справу мінчука
12 лютага разглядзела суддзя Першамайскага раёна Тацяна Ліннік. Яна адхіліла
хадайніцтва аб выкліку мамы Хацько ў якасьці сведкі, якая пацвердзіла б, што
ўчастковы яго забраў з дому, калі сын вярнуўся з работы і спаў.
Сведка-міліцыянт на судзе заявіў, што яны патрулявалі
вуліцу Русіянава на аўтамабілі «Патрыёт», дзе заўважылі «неадэкватнага»
чалавека і выйшлі яго супакоіць. Сведка Кардаш паведаміў на судзе, што ён
асабіста зрабіў заўвагу Хацько за яго паводзіны і раіў ісці «па дабру, па
здарову», але па выніку супрацоўнікі былі вымушаныя даставіць яго ва
ўпраўленне. Сам Хацько сцьвярджае, што ў Першамайскае РУУС прыехаў з
памочнікам мясцовага ўчастковага на аўтамабілі «Джылі», што можа даказаць
відэазапіс з камеры назірання каля РУУС.
Ва ўпраўленні высветлілася, што «Хацько раней ужо прыцягваўся за свае палітычныя погляды». Паводле праваабаронцаў, міліцыянт удзельнічаў у «зачыстцы» перад Усебеларускім сходам, таму і затрымаў актывіста, які толькі 2 лютага выйшаў на волю пасля 25-суткавага арышту па арт. 23.34 і 23.4 КаАП.
«Напэўна яму так начальства сказала. Я ўчора таксама спытаў, за што я затрыманы, на што мне адказалі, што ў іх такі загад», — заявіў на судзе Хацько. Суддзя Ліннік пакарала яго арыштам на 7 дзён.
На знак пратэсту супраць адвольнага і незаконнага затрымання і арышту Андрэй Хацько абвясціў галадоўку.