Маці палітвязня Арцёма Саўчука просіць дапамагчы знайсці сведкаў. Хлопцу далі 4 гады

Маці засуджанага да чатырох гадоў праграміста Арцёма Саўчука просіць адгукнуцца сведкаў, якія бачылі акцыю пратэсту каля гандлёвага цэнтра «Цівалі» у Мінску ў ноч з 10 на 11 жніўня. Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Фота «Свабода»

Фота «Свабода»

Арцём Саўчук — праграміст. Захапляецца аўтамабілямі і сноўбордам, гуляў у аматарскай баскетбольнай лізе. Апошнія 9 гадоў Арцём жыў у Польшчы, у Кракаве. 9 лютага суд адправіў хлопца за краты на 4 гады ў калоніі ўзмоцненага рэжыму — «Удзел у масавых беспарадках».

17 жніўня малады чалавек проста знік — мама падала заяву аб знікненні чалавека. На наступны дзень сям'і патэлефанаваў следчы і сказаў аб тым, што Арцём затрыманы і знаходзіцца на Акрэсціна.

«Сыну далі 4 гады, віна не даказана! Тым больш, што ён не здзяйсняў нічога супрацьпраўнага!

Разумею, людзі асцерагаюцца, але прашу зноў пашукаць відэа з «Цівалі» у ноч з 10 на 11 жніўня з 22 да 1 гадзіны ночы, у тую ноч многія здымалі на мабільныя тэлефоны...

Гэта апошні шанец знайсці доказы фактаў пры апеляцыі і не зламаць канчаткова жыццё сына і ўсёй нашай сямʼі!»

Калі ў вас ёсць відэа з момантамі затрымання Арцёма ў ноч 10 на 11 жніўня з 22:00 — 01:00, дашліце яго сюды, піша «Вясна».

9 лютага суд вынес Саўчуку прысуд па абвінавачванні ва ўдзеле ў масавых беспарадках — 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Паводле абвінавачвання, хлопец перашкаджаў руху транспарту, кідаў петарды і балты. Арцём Саўчук на судзе сказаў, што «у дэманстрацыі не ўдзельнічаў, а проста назіраў за ёй».