Марыі Калеснікавай пагражае да 12 гадоў турмы
Сябру Каардынацыйнай рады і штаба Бабарыка Марыі Калеснікавай прад'яўлена канчатковае абвінавачанне, паведамляе выданне «Беларусы і рынак».

Як паведамляе штаб Віктара Бабарыка, яе абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса:
· ч. 3 артыкула 361 (заклікі да дзеянняў супраць нацбяспекі);
· 357 (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам);
· 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтва ім).
Ёй пагражае да 12 гадоў турмы.
Цяпер Калеснікава разам з абаронцамі знаёміцца з матэрыяламі справы.
На старонцы Марыі Калеснікавай у Facebook напярэдадні з'явілася вытрымка з яе ліста, дзе яна кажа, што не шкадуе аб прынятым год таму рашэнні далучыцца да каманды Віктара Бабарыкі, які менавіта 12 траўня абвясціў, што ідзе ў прэзідэнты.
"Год таму я прыняла самае важнае рашэнне ў маім жыцці. Разумеючы ўсе рызыкі і высокую верагоднасць, што я апынуся там, дзе я зараз, я з радасцю стала часткай каманды Віктара Дзмітрыевіча. Ні на секунду не шкадую аб сваім рашэнні і цяпер.
Гэты год аказаўся самым складаным і самым шчаслівым у маім жыцці. Разумею, як дзіўна гэта гучыць ад чалавека з турмы. Але здабыла я нашмат больш, чым страціла: унікальны вопыт, драйв неверагодны, мноства новых ведаў і ўменняў (напрыклад, раней я ніколі не вяла стрым, не пісала 170 лістоў у месяц, не бегала кожны дзень і не чытала так шмат добрых кніг). Я здабыла ўнутраную свабоду і шчасце заставацца сабой у любой сітуацыі. Але самы галоўны цуд — гэта неверагодныя беларусы: ваша падтрымка і любоў надаюць каласальную сілу! Я ўдзячная Віктару Дзмітрыевічу, Эдзіку, Максіму, Іллі і ўсёй камандзе — вы сталі мне як сям'я, і я шчаслівая прайсці гэты шлях разам! Вялікі дзякуй за гэты год маёй сястры, таце, родным і блізкім за падтрымку, стойкасць і бязмерную любоў, якая і ёсць мая абарона! Вас вельмі люблю і захапляюся"! — напісала Калеснікава.
Нагадаем, яшчэ аднаму сябру Прэзідыума Каардынацыйнай рады і адвакату Марыі Калеснікавай Максіму Знаку нядаўна прад'явілі канчатковае абвінавачанне. Яго таксама абвінавачваюць па тых жа трох артыкулах.